Мінск 14:26

У Жодзіне электрык загінуў падчас мантажу вулічнага асвятлення

Фота: прэс-служба СК

18 сакавіка, Позірк. Няшчасны выпадак, у выніку якога загінуў 43-гадовы слесар-электрык, адбыўся ўдзень 17 сакавіка ў Жодзіне (Мінская вобласць), паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, падчас мантажу вулічнага асвятлення 57‑гадовы кіроўца аўтавышкі “дапусціў судотык корпуса машыны з высакавольтнай лініяй электраперадачы напружаннем 10 тыс. вольт”. Электрык трымаўся за металічныя часткі аўтамабіля, у выніку чаго “адбылася паражэнне электрычным токам, якое сталася смяротным”.

Следча-аператыўная група агледзела месца здарэння, выняла дакументацыю па тэхніцы бяспекі і ахове працы, дапытала сведкаў. Прызначаны шэраг экспертных даследаванняў.

Распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 144 КК (прычыненне смерці з неасцярожнасці).

5 сакавіка намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер Дзяржаўнага энергетычнага і газавага нагляду Аляксандр Гулевіч паведаміў, што ад электратраўмаў ад пачатку 2026 года пацярпела тры чалавекі, два загінула, уключаючы дзіця. Два здарэнні — на вытворчасці, адно — у побыце.

Людзі гінулі ў тым ліку праз пранікненне на тэрыторыю трансфарматарнай падстанцыі для крадзяжу каляровых металаў; неасцярожнае абыходжанне з падаўжальнікам, што прывяло да яго пашкоджання і кароткага замыкання; выкарыстанне падлучанага да сеткі электрасілкавання мабільнага тэлефона ў ванным пакоі.

Падзяліцца: