Мінск 00:03

Лукашэнка вызваліў ад пасады міністра прыроды праз тыдзень пасля яго затрымання

Сяргей Масляк
Архіўнае фота: sb.by

19 сакавіка, Позірк. Аб вызваленні Сяргея Масляка ад пасады міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя “ў сувязі са здзяйсненнем правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай грамадзянскай службе“, паведаміла 19 сакавіка прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

12 сакавіка на нарадзе аб мерах “па выключэнні неабгрунтаванага і нядобрасумленнага пасярэдніцтва“ Лукашэнка заявіў, што Масляк знаходзіцца ў СІЗА па абвінавачанні ў хабарніцтве.

“Яго ўзялі з доказамі злачынства. Я вас папярэджваў, што мы ж там не хапаем на вуліцы каго папала. Швед (старшыня Вярхоўнага суда, раней генеральны пракурор Андрэй Швед. — Позірк.), а цяпер — Дзмітрый Юр’евіч (генеральны пракурор, былы старшыня Следчага камітэта. — Позірк.) гэта жорстка кантралююць. Калі трэба — дакладуць”, — сказаў тады Лукашэнка.

Масляк кіраваў камісіяй па супрацьдзеянні карупцыі ў сістэме Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якую ўзначаліў 22 красавіка 2024 года. Апошняя навіна аб яго дзейнасці на пасадзе міністра з’явілася сёлета 2 сакавіка.

Чыноўнік нарадзіўся ў 1980 годзе. З 2013-га па 2015 гады працаваў намеснікам кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна Мінска, з 2015-га па 2019-ы — старшынёй Мінскага гарадскога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, з 2019-га па 2024-ы — кіраўніком адміністрацыі Заводскага раёна Мінска.

Падзяліцца: