Мінск 14:55

“Белінвестбанк”, з якога ЗША знялі санкцыі, крэдытуе вытворчасць снарадаў і мікрасхем для расійскай арміі — BelPol

Фота: тэлеграм-канал "Белінвестбанка"

22 сакавіка, Позірк. “Белінвестбанк” “па вушы заграз у крэдытаванні вытворчасці прадукцыі ваеннага прызначэння”, паведамляе ў чарговым расследаванні аб’яднанне BelPol.

У апублікаваным 22 сакавіка відэа заяўляецца, што інвестыцыі гэтага банка “матэрыялізаваныя ў выглядзе дэталяў рэактыўных снарадаў, напрыклад, мікрасхем для расійскіх ракет, абсталяванне расійскіх і беларускіх прадпрыемстваў, якія абслугоўваюць дзяржаўныя абаронныя заказы”.

У прыватнасці, “Белінвестбанк” з’яўляецца крэдыторам вытворчасцей частак артылерыйскіх снарадаў 152 мм і рэактыўных снарадаў 122 мм на прадпрыемствах “Легмаш” (Орша, Віцебская вобласць), Мінскі падшыпнікавы завод, “Базцьюб” (Жодзіна, Мінская вобласць), “Тэрмапласт” (Мінск), Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі завод шасцерняў, Мінскі трактарны завод, Гомельскі завод ліцця і нармалей (ЗЛіН) і інш., адзначаюць аўтары.

Таксама банк фінансуе “новую вытворчасць боепрыпасаў”, гаворыцца на сайце BelPol. Гаворка пра “Завод корпусных вырабаў”, які будуецца ў Слуцкім раёне (Мінская вобласць). Раней BelPol паведамляў, што вытворчасць ствараецца “паводле сакрэтнага распараджэння Лукашэнкі”. Асноўным рынкам збыту прадукцыі завода будзе Расія.

Плануецца, што за год прадпрыемства зможа вырабляць 120.000 артылерыйскіх снарадаў і столькі ж рэактыўных.

Акрамя таго, “Белінвестбанк” крэдытуе ААТ “Планар”, якое працуе ў сферы мікраэлектронікі. Грошы банка паступаюць на вытворчасць літаграфічнага абсталявання, фоташаблонаў і тэхнікі для выпуску мікрасхем ваеннага прызначэння, паведамляюць расследвальнікі.

“Планар” пастаўляе абсталяванне ў Расію на мільёны долараў”, — адзначае BelPol. Прадукцыя прадпрыемства паступае “дзясяткам прадпрыемстваў ВПК РФ”.

У расследаванні гаворыцца і пра мінскі холдынг “Інтэграл”, які таксама спецыялізуецца на мікраэлектроніцы. Паведамляецца, што “Белінвестбанк” крэдытуе праграмы вытворчасці мікрасхем прадпрыемства.

“Прадукцыя “Інтэграла” пастаўляецца 47 прадпрыемствам абароннага комплексу РФ. Мікрасхемы выяўленыя ў тым ліку ў расійскіх ракетах Х-69″, — падкрэсліваюць аўтары.

Прадстаўленая ў расследаванні інфармацыя грунтуецца на дакументах, якія ёсць у распараджэнні BelPol.

У выніку сустрэчы з амерыканскай дэлегацыяй 19 сакавіка ў Мінску Аляксандр Лукашэнка памілаваў 250 вязняў, з якіх 235 засталася ў Беларусі, а 15 былі адпраўленыя ў Літву.

Аб зняцці амерыканскіх санкцый з ААТ “Белінвестбанк”, ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” і Міністэрства фінансаў паведаміла па выніках перамоў прэс-служба Лукашэнкі.

Пры гэтым у дачыненні да “Белінвестбанка” па-ранейшаму дзейнічаюць санкцыі Еўрасаюза, Украіны і шэрагу іншых краін.

“Белінвестбанк” адключылі ад SWIFT у чэрвені 2022 года.

Падзяліцца: