Мінск 22:47

Без БНР не было б ні БССР, ні Рэспублікі Беларусь — Статкевіч

24 сакавіка, Позірк. Без Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) не было б ні БССР, “ні, хутчэй за ўсё, Рэспублікі Беларусь”, заявіў Мікалай Статкевіч. Экс-палітзняволены размясціў віншаванне да 108-годдзя БНР у сваім тэлеграм-канале.

Статутнай граматай Рады БНР наша нацыя заявіла аб сваім жаданні і праве на незалежнасць, на сваю дзяржаву. <…> Не было б, гледзячы па мэтанакіраванай імперскай палітыцы русіфікацыі, і самой нашай нацыі”, — адзначыў палітык.

На яго думку, у 1918 годзе Рада БНР “скарыстала свой гістарычны шанец, але, на жаль, не да канца”: “У той крывавы час выжыванне новай дзяржавы, нават яе дыпламатычнае прызнанне моцнымі дзяржавамі залежылі ад наяўнасці ў яе істотнай вайсковай сілы. На жаль, бацькі-заснавальнікі БНР не здолелі арганізаваць такую сілу. Не атрымалася перакінуць на Радзіму з румынскага фронту беларускі корпус, сфармаваны ў складзе Расійскай арміі з ёй беларусаў, якія ў ёй ваявалі“.

Статкевіч заклікаў крытычна ацэньваць ўрокі гісторыі і “рабіць з іх правільныя высновы”: “Каб Беларусь не знікла, каб наша краіна жыла. Я ўпэўнены — Беларусь будзе вольнай! Са святам, сябры!”

Таксама былы палітвязень апублікаваў кароткі відэазапіс, на якім кажа: “Прывітанне, сябры! Я з вамі. Са святам, з Днём Волі вас!”

На відэа заўважныя наступствы інсульту, які ён перанёс у зняволенні: Статкевіч мае праблемы з вымаўленнем слоў, у яго дэфармаваная левая частка твару.

11 верасня 2025 года Статкевіч і яшчэ 51 зняволены былі вызвалены ў рамках здзелкі паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША Дональда Трампа і Аляксандрам Лукашэнкам.

Умовай быў выезд за мяжу. Вызваленых павезлі ў Літву, аднак Статкевіч адмовіўся выконваць умову Лукашэнкі. Некаторы час ён правёў паміж памежнымі пераходамі Каменны Лог (Беларусь) і Мядзінінкай (Літва), пасля чаго вярнуўся на беларускую тэрыторыю. Да лістапада яго лёс і месцазнаходжанне былі невядомыя.

У канцы лістапада праваабаронцы паведамілі, што сваякі Статкевіча атрымалі ліст з МУС, згодна з якім палітзняволены “адбывае пакаранне ў адпаведнасці з прысудам ад 14.12.2021”. Пры гэтым дакладнае месцазнаходжанне так і не было названа.

19 лютага Адамовіч апублікавала інфармацыю, што яе муж знаходзіцца дома і аднаўляецца пасля інсульту.

20 лютага прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што той прыняў рашэнне пра вызваленне Статкевіча “па просьбе сваякоў”.

25 сакавіка дэмакратычна настроеная частка насельніцтва Беларусі святкуе Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у 1918 годзе.

У Беларусі гэтая дата афіцыйна не адзначаецца. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года любыя спробы публічна адзначыць Дзень Волі пагражаюць затрыманнямі і судамі, як мінімум паводле адміністрацыйных абвінавачанняў. Гістарычныя падзеі, звязаныя з БНР, паслядоўна дэманізуюцца дзяржпрапагандай. Нацыянальныя сімвалы названыя “калабарацыянісцкімі“, “нацысцкімі” і фактычна абвешчаныя па-за законам. Значэнне БНР для беларускай дзяржаўнасці лічыцца перабольшаным, а сама рэспубліка пазіцыянуецца як “марыянеткавае“ стварэнне пад германскім пратэктаратам у завяршальнай фазе Першай сусветнай вайны.

Марш у Варшаве з нагоды Дня Волі на 28 сакавіка анансавала ў сваім тэлеграм-канале дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Святкаванне з 21 сакавіка праходзіць у Польшчы, Літве, ЗША і іншых краінах.

Следчы камітэт ужо традыцыйна перад 25 сакавіка пагражае удзельнікам святкавання Дня Волі за мяжой крымінальным пераследам і канфіскацыяй маёмасці.

Марына Адамовіч вызвалена пасля чатырох гадзін у міліцыі

17 сакавіка, Позірк. Жонку былога палітзняволенага палітыка Мікалая Статкевіча Марыну Адамовіч чатыры гадзіны пратрымалі ў міліцыі. Як адзначаецца ў телеграм-канале палітыка, жанчына знаходзіцца дома пасля праведзенага часу ў Ленінскім РУУС сталіцы, яе "не дапытвалі, а проста ўтрымлівалі". Пра затрыманне Адамовіч …
Падзяліцца: