Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны ў Дзень Волі зноў запатрабавалі разарваць дыпламатычныя стасункі з Беларуссю

25 сакавіка, Позірк. Разарваць дыпламатычныя стасункі з Беларуссю зноў запатрабавала міжфракцыйнае дэпутацкае аб’яднанне “За дэмакратычную Беларусь” у Вярхоўнай Радзе Украіны.
У заяве, прынятай 25 сакавіка да 108-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, утрымліваецца заклік да прэзідэнта, парламента і ўрада прызнаць Беларусь акупаванай, а яе амбасаду ў Кіеве — перадаць дэмакратычным сілам.
На думку парламентарыяў, сёння Беларусь жыве “ва ўмовах падвойнай акупацыі: унутранай — крывавым рэжымам самапрагалошанага дыктатара Лукашэнкі і знешняй — з боку Расіі, якая ператварыла Беларусь у плацдарм для знішчэння Украіны”.
Аўтары лічаць, што Украіна — першая дзяржава, якая абавязаная афіцыйна прызнаць Беларусь акупаванай. “Падтрымліваючы дыпламатычныя стасункі з Мінскам, мы легітымізуем рэжым, што забівае нашых грамадзян. Час пакласці гэтаму канец”, — заклікалі прадстаўнікі дэпутацкай групы.
Яны таксама прыгадалі пра іншую Беларусь, якая змагаецца: “У гэты дзень мы з асаблівай удзячнасцю схіляем галовы перад байцамі палка імя Кастуся Каліноўскага, якія з першых дзён поўнамаштабнага ўварвання бароняць украінскую зямлю на найбольш гарачых участках фронту. Яны абараняюць ідэю, дзеля якой мы ваюем: долю народа нельга навязаць сілай — яе вызначаюць тыя, хто гатовы за яе стаяць. Іх адвага на полі бою даводзіць тое, што дэкларавалі заўсёды: свабода Украіны і свабода Беларусі — непадзельныя”.
“Сапраўдная незалежнасць Беларусі будзе здабытая ў тым ліку на гэтай вайне”, — падкрэсліваюць украінскія дэпутаты.
Аўтары перакананыя, што “дэмакратычная змена ўлады ў Мінску — гэта пытанне бяспекі ўсяго рэгіёна”, паколькі “пад кантролем Лукашэнкі паўночная мяжа Украіны захоўвае статус уразлівага напрамку”.
Дэпутаты заклікаюць міжнародную супольнасць “узмацніць санкцыйны ціск на рэжым у Мінску і забяспечыць прыцягненне да адказнасці адпаведна да нормаў міжнароднага права”.
“Мы верым, што хутка над вольным Мінскам зноў будзе лунаць бела-чырвона-белы нацыянальны сцяг, а мяжа паміж нашымі краінамі стане мяжой паміж дзвюма вольнымі еўрапейскімі нацыямі”, — гаворыцца ў заяве.
Дэпутаты гэтай групы перыядычна ставяць пытанне аб разрыве дыпстасункаў Украіны з Мінскам. У жніўні 2021 года яны зарэгістравалі праект адпаведнай пастановы Вярхоўнай Рады.
Кіеў пакуль не закрывае амбасаду ў Мінску.
“Наша дыпламатычная прысутнасць у гэтай краіне апраўдана”, — заявіў DW у лістападзе 2025 года дарадца дэпартамента недружалюбных краін Міністэрства замежных спраў Украіны Міхаіл Харышын.
“Па-першае, праз Беларусь дзясяткі тысяч людзей вярнуліся з акупаваных тэрыторый. Па-другое, на тэрыторыі Беларусі пад выглядам так званага “аздараўлення” знаходзіцца вельмі вялікая колькасць украінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый. І наша прысутнасць неабходная для таго, каб мы маглі хаця б візуальна кантраляваць іх стан”, — сказаў дарадца.

- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 28–30 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені — лютым аб'ём выдадзеных фізічным асобам крэдытаў паменшыўся, даўгі па пазыках выраслі — даныя НацбанкаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- ГрамадстваКолькасць загінулых у ДТЗ у Мінску за год павялічылася ў 1,7 раза (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- ГрамадстваУ Беларусі 10 дзён запар фіксуюцца тэмпературныя рэкорды (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка

