Мінск 00:50

Украіна дэнансавала яшчэ 23 дагаворы з Беларуссю

Андрэй Сібіга
Архіўнае відэа: ТСН Стоп-кадр: "Позірк"

26 сакавіка, Позірк. Урад Украіны 25 сакавіка спыніў дзеянне 116 міжнародных дагавораў, заключаных раней з Беларуссю і Расіяй, а таксама ў рамках СНД. Пра гэта паведамляе МЗС Украіны са спасылкай на міністра замежных спраў Андрэя Сібігу.

Паводле яго слоў, сярод іншых спынена дзеянне 23 дагавораў з Беларуссю, 87 — у рамках СНД, а таксама адзін трохбаковы дагавор паміж Украінай, РФ і Беларуссю.

“Сёння Украіна зрабіла яшчэ адзін маштабны крок на гэтым шляху. Разрываем апошнія сувязі з так званым СНД. Маё цвёрдае перакананне: дагаворна-прававая база Украіны павінна адпавядаць рэаліям вайны і новай архітэктуры бяспекі на еўрапейскім кантыненце. Для гэтага неабходна разарваць апошнія юрыдычныя сувязі, якія калісьці звязвалі нас з РФ, Беларуссю, так званым СНД. Гэта складаны і комплексны юрыдычны працэс, які патрабуе паслядоўнай прапрацоўкі, і мы сістэмна выконваем гэтую працу”, — сказаў міністр.

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, у якой беларускія ўлады падтрымліваюць Расію, Кіеў і Мінск скасавалі мноства дагавораў аб двухбаковым супрацоўніцтве.

У канцы студзеня гэтага года Кабінет міністраў Украіны прыняў рашэнне спыніць дзеянне міжурадавага пагаднення з Беларуссю аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах, заключанага ў Мінску 22 верасня 2000 года.

У сакавіку 2025 года Украіна адмовілася ад супрацоўніцтва з Беларуссю ў галіне вышэйшай і паслявузаўскай адукацыі.

У лютым мінулага года ўрад Украіны прыняў рашэнне аб дэнансацыі двухбаковага пагаднення з Беларуссю аб “прынцыпах супрацоўніцтва і ўмовах узаемаадносін у галіне сувязі”.

22 снежня 2023 года Вярхоўная Рада Украіны ўхваліла законапраект аб спыненні дзеяння міжурадавага пагаднення з Беларуссю аб свабодным гандлі.

29 лістапада таго ж года Беларусь заявіла аб спыненні дзеяння пагаднення аб узаемным пераводзе і выплаце пенсій (Украіна дэнансавала гэтае пагадненне за паўгода да гэтага — 29 траўня).

19 верасня 2023 года абедзве палаты беларускага парламента прынялі, а Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб прыпыненні дзеяння пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай аб рэгуляванні працэсу перасялення і абароне правоў перасяленцаў і членаў іх сем’яў”. Дакумент быў падрыхтаваны “ў рамках мер у адказ на недружалюбныя дзеянні Украіны ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь”, яго рэалізацыя нібыта “будзе садзейнічаць абароне нацыянальных інтарэсаў” Беларусі.

Падзяліцца: