Мінск 00:50

З восені 2025 года спынены крымінальны пераслед 14 ухілістаў ад войска — Генпракуратура

26 сакавіка, Позірк. З восені 2025 года спынены крымінальны пераслед 14 грамадзян, якія ўхіляліся ад службы ў войску, паведамляе Генеральная пракуратура.

Паводле слоў прадстаўніка ведамства Віктара Брылёва, гэта стала магчымым у сувязі з тым, што ў лютым 2025-га ўнесеныя змены ў Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы.

Згодна з заўвагай да главы 36 КК, абвінавачаны “можа быць вызвалены ад крымінальнай адказнасці пры добраахвотнай заяве органу, які вядзе крымінальны працэс, аб сваёй гатоўнасці выканаць вайсковы абавязак і стаць на воінскі ўлік, прайсці мерапрыемствы па прызыву на вайсковую службу, з’явіцца ў ваенкамат на зборы (заняткі)”.

Брылёў прывёў прыклад. У 2020 годзе пасля заканчэння 11 класаў сярэдняй школы малады чалавек выехаў за мяжу на заробкі. Паводле слоў чыноўніка, прызыўнік ведаў, што ў дачыненні да яго была распачатая крымінальная справа за ўхіленне ад службы. Пасля ўступлення ў сілу згаданых змяненняў ён вярнуўся ў Беларусь “з гатоўнасцю служыць у войску”. Яго ўзялі пад варту, аднак пазней мера стрымання была змененая на заклад.

“У выніку малады чалавек прайшоў мерапрыемствы прызыву і быў накіраваны ў войскі для праходжання службы. А яго крымінальны пераслед быў спынены”, — сказаў Брылёў.

За ўхіленне ад службы прадугледжана адказнасць паводле арт. 435 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу).

Паводле даных Вярхоўнага суда, колькасць грамадзян, якіх прыцягваюць паводле гэтага артыкула, памяншаецца. У 2016 годзе паводле арт. 435 КК было асуджана 676 асоб, у 2023-м — 266.

У пачатку 2023 года былі зніжаныя патрабаванні да стану здароўя грамадзян, якія прымяняюцца пры вызначэнні прыдатнасці да праходжання вайсковай службы. У прыватнасці, верхняя мяжа масы, пры якой грамадзян прызнаюць непрыдатнымі да службы ў сілах спецыяльных аперацый, узнятая з 90 да 100 кг. Пры гэтым мужчын, якія важаць больш за 100 кг, дазволена прымаць у органы пагранічнай службы, а таксама спецыяльныя міліцэйскія злучэнні і воінскія часці.

Раней не прыпісваліся да прызыўных участкаў і прызнаваліся непрыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзерве ў мірны час грамадзяне з атлусценнем II ступені з індэксам масы цела 37 кг/м2 (больш за 117 кг пры сярэднім для беларускіх мужчын росце 178 см), з блізарукасцю любога вока на адным з мерыдыянаў 6–8 дыёптрый. Цяпер такія грамадзяне прызнаюцца абмежавана прыдатнымі да тэрміновай службы і службы ў рэзерве. Як і раней, яны застаюцца прыдатнымі з абмежаваннямі да службы па кантракце ў спецыяльных злучэннях.

Гл. таксама:

Хрэнін назваў салдат тэрміновай службы “прызыўным рэсурсам”, паводле яго слоў, у войску з гэтым “няма праблем”

Арышт ухіліста ад войска бабруйскі пракурор матываваў вайной ва Украіне і “спробамі Захаду расхістаць” Беларусь

Падзяліцца: