Мінск 01:01

Колькасць палітвязняў у Беларусі перавысіла 900

Ілюстрацыя: Tim Hufner / unsplash.com

26 сакавіка, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць у сувязі з інфармацыяй аб змяшчэнні пад варту і асуджэнні да пакарання, звязанага з пазбаўленнем волі ў сувязі з узаемадзеяннем з “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”, прызнала палітычнымі зняволенымі яшчэ 12 чалавек. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве праваабаронцаў, апублікаванай 26 сакавіка цэнтрам “Вясна“.

У адпаведны спіс унесеныя: Алена Сафронава, Вольга Буланава, Дзмітрый Кавалёў, Віталь Цішчанка, Арцём Шманоўскі, Яўген Скараход, Віктар Антушэвіч, Сяргей Рабцаў, Аляксандр Манвелян, Сяргей Кузняцоў, Эдуард Мігун і Мацвей Баранаў.

Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў неадкладна вызваліць гэтых людзей, спыніць іх крымінальны пераслед; вызваліць усіх палітвязняў, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарны перыяд; спыніць рэпрэсіі.

Акрамя “Вясны” заяву падпісалі Беларускі ПЭН, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі Хельсінкскі камітэт, “Прававая ініцыятыва” і Lawtrend.

25 сакавіка палітвязнямі было прызнана дзевяць чалавек, 24 сакавіка — шэсць.

Цяпер у спісе “Вясны” 910 палітвязняў. Да вызвалення 250 чалавек у рамках дамоўленасцяў паміж Вашынгтонам і Мінскам (19 сакавіка; працэс яшчэ не завершаны) іх было больш за 1.100. Праваабаронцы папярэджвалі, што праз працяг рэпрэсій колькасць палітвязняў зноў будзе расці.

Падзяліцца: