Мінск 08:59

Да 20 гадоў зняволення прыгавораны жыхар Магілёўскай вобласці за замах на забойства 20-гадовай дзяўчыны

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

27 сакавіка, Позірк. Да 20 гадоў пазбаўлення волі і кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 30 тыс. рублёў прыгавораны 44-гадовы жыхар горада Круглае (Магілёўская вобласць) за замах на забойства 20-гадовай мясцовай жыхаркі, паведамляе Генеральная пракуратура.

Паводле звестак нагляднага ведамства, у верасні 2025 года ў грамадскім месцы, паблізу перасячэння вуліц Магілёўскай і Юбілейнай у Круглым, мужчына “беспадстаўна напаў на незнаёмую яму дзяўчыну, схапіў яе, перанёс з тратуара ў яр, паваліў на зямлю і стаў душыць за шыю”. Дзякуючы мінакам, якія пачулі крык аб дапамозе, дзяўчыну ўдалося выратаваць.

Абвінавачаны, як паведамляецца, з 2006 года па 2022-ы адбываў пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі за забойства жанчыны. У верасні мінулага года ён “зноў спрабаваў здзейсніць аналагічнае злачынства”.

Адзначаецца, што ў судзе мужчына віну ва ўчыненні злачынства не прызнаў, “у катэгарычнай форме адмаўляў сваё дачыненне”.

Магілёўскі абласны суд вынес абвінаваўчы прысуд паводле ч. 1 арт. 14 (замах на злачынства ), п. 13, п. 16 ч. 2 арт. 139 (забойства з хуліганскіх памкненняў, учыненае асобай, якая раней учыніла забойства) Крымінальнага кодэкса.

У 2025 годзе за “злачынствы супраць жыцця і здароўя” асуджана 1.713 чалавек (у 2024-м — 1.974). З іх паводле арт. 139 КК аб забойстве — 138 (174), паводле арт. 147 аб наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання — 479 (519), паводле арт. 149 аб менш цяжкім пашкоджанні — 293 (344), паводле арт. 153 аб лёгкім пашкоджанні — 276 (328).

Падзяліцца: