Мінск 22:58

Праз амаль 11 месяцаў у Беларусі зноў павышаюцца цэны на бензін — у сувязі з “глабальным ростам каціровак“

Ілюстрацыя: diena.lv

27 сакавіка, Позірк. 28 сакавіка раздробныя цэны на маторнае паліва на беларускіх аўтазаправачных станцыях будуць падвышаныя на 4 капейкі, паведамляе дзяржаўны канцэрн “Белнафтахім“.

Цана за адзін літр складзе:

АІ-92 — 2,54 рубля;

АІ-95 — 2,64;

АІ-98 — 2,86.

Дызельнае паліва будзе каштаваць 2,64 рубля.

Акрамя таго, як адзначаецца, 4 красавіка кошты зноў павысяцца — на 3 капейкі:

АІ-92 — да 2,57 рубля;

АІ-95 — да 2,67;

АІ-98 — да 2,89.

Дызпаліва падаражэе да 2,67 рубля за літр.

Такім чынам, агулам кошт аўтамабільнага паліва павялічыцца на сем капеек.

“Белнафтахім” патлумачыў павышэнне “глабальным ростам каціровак на нафту і нафтапрадукты на сусветным рынку”, што прывяло да росту цэн на нафту для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Яшчэ адной прычынай названа “павелічэнне лагістычных выдаткаў”.

Летась 3 траўня рознічныя цэны на маторнае паліва на аўтазаправачных станцыях былі павялічаныя на дзве капейкі. Гэта было апошняе, восьмае, павышэнне ў рамках пакрокавай стратэгіі “Белнафтахіма”.

У чацвёртым квартале 2025 года Беларусь заняла 2-е месца ў Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС) па кошце бензіну, сведчыць праведзены Позіркам аналіз штоквартальных даных аддзела галіновай і сацыяльна-дэмаграфічнай статыстыкі Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК).

Па выніках першага — трэцяга кварталаў 2025 года Беларусь таксама знаходзілася на 2-м месцы. У 2024-м Беларусь па выніках студзеня — сакавіка была 2-й, студзеня — чэрвеня, ліпеня — верасня, кастрычніка — снежня — 3-й.

Найбольш дарагі бензін у снежні 2025-га быў у Арменіі — 1,38 долара за літр (без зменаў да верасня). Далей Беларусь — 0,88 (0,84%; +4,8%), Кыргызстан— 0,87 (0,82; +6,1%), Расія — 0,82 (0,77; +6,5%), Казахстан — 0,46 (0,42; +9,5%).

Сусветны рост цэн на паліва звязаны з ваеннымі дзеяннямі Ізраіля і ЗША супраць Ірана і абвастрэннем сітуацыі на Блізкім Усходзе агулам.

Падзяліцца: