Мінск 22:36

Ціханоўская: Сёння ў беларусаў той жа вораг, што і 108 год таму

Святлана Ціханоўская на прыёме да 108-годдзя абвяшчэння БНР 27 сакавіка 2026 года ў Варшаве
Фота: "Позірк"

28 сакавіка, Позірк. Незалежнасць — гэта найбольш каштоўнае, што ёсць у кожнага народа, яна не звалілася на беларусаў з нябёсаў, заявіла Святлана Ціханоўская на ўрачыстым прыёме да 108-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) вечерам 27 сакавіка ў Варшаве.

Паводле слоў дэмлідара, незалежнасць далася беларусам вялікімі ахвярамі. “За яе змагалася не адно пакаленне беларусаў. І насамрэч не ўсім народам гэта ўдалося. А мы, беларусы, змаглі”, — лічыць Ціханоўская.

На яе думку, хоць БНР “прастаяла нядоўга, але без яе не было б і незалежнай Беларусі сёння”.

“На жаль, больш чым праз стагоддзе наша незалежнасць зноў апынулася пад пагрозай, і зноў беларусы вымушаныя за яе змагацца. І, здаецца, прайшло ўжо так шмат часу, але вораг той жа. Але і мы ўжо з вамі навучаныя і сваю незалежнасць нікому не аддадзім”, — падкрэсліла Ціханоўская.

Паводле яе слоў, Дзень Волі — свята, якое аб’ядноўвае і тых, хто ўнутры краіны, і тых, хто вымушана апынуўся за мяжой. “Унутры краіны, як мы разумеем, сёння пратэсты немагчымыя, але я ведаю, што беларусы ўнутры краіны таксама азначаюць Дзень Волі. Нехта — ціха з сям’ёй, нехта — з сябрамі. І сёння нават размаўляць па-беларуску таксама стала формай пратэсту”, — адзначыла дэмлідар.

Яна падкрэсліла, што Беларусь “сёння зноў фактычна акупаваная”, але ў беларусаў “ёсць такі талент выжываць нават у самых неспрыяльных умовах”. “Калі прыходзіць момант, мы ўмеем сябе паказаць, і мы яшчэ сябе пакажам”, — упэўненая Ціханоўская.

Яна звярнула ўвагу на хвалю салідарнасці ад “палітыкаў, чыноўнікаў, дыпламатаў і парламентарыяў самых розных краін свету”, згадаўшы, што “ўпершыню прэзідэнт Украіны павіншаваў беларусаў з Днём Волі і зрабіў гэта на беларускай мове”. “Асаблівая падтрымка” была “ад Польшчы і палякаў”.

“Найлепшай ўзнагародай для ўсіх нас будзе вольная Беларусь. І таму не спыняйцеся, не здавайцеся, давайце працягваць нашу беларускую справу, і мы ўсё адолеем, як адолелі нашы суседзі палякі”, — заклікала Ціханоўская.

На прыём, які арганізаваў польскі МЗС, былі запрошаныя ў тым ліку былыя палітзняволеныя, якіх пасля вызвалення беларускія ўлады прымусова вывезлі з радзімы: Марыя Калеснікава, Кацярына Андрэеева (Бахвалава), Марына Золатава ды інш.

28 сакавіка ў Варшаве адбудзецца вулічная акцыя з нагоды Дня Волі.

Падзяліцца: