Мінск 22:35

Прадстаўнік польскага МЗС: Мы не хочам мець Лукашэнку і расіян у Беларусі

Уладзіслаў Тэафіл Барташэўскі і Святлана Ціханоўская
Фота: "Позірк"

28 сакавіка, Позірк. “Дэмакратычнае развіццё Беларусі мае для Польшчы, для нашага рэгіёна і Еўропы фундаментальнае значэнне“, — заявіў намеснік міністра замежных спраў Польшчы Уладзіслаў Тэафіл Барташэўскі на ўрачыстым прыёме да 108-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) вечерам 27 сакавіка ў Варшаве. Мерапрыемства арганізаваў польскі МЗС.

“Мы не хочам мець Лукашэнку ў Беларусі. Мы не хочам мець расіян у Беларусі. Мы хочам мець свабодных беларусаў, якія ўвойдуць у Еўрапейскі саюз і з якімі мы будзем мець нармальныя міждзяржаўныя стасункі“, — падкрэсліў польскі чыноўнік.

Паводле яго слоў, Польшча “будзе рабіць усё, што магчыма, каб супрацьдзейнічаць сітуацыі, у якой будуць заахвочвацца неаімперскія і неакаланіяльныя амбіцыі Расіі, якая прызнае Беларусь часткай “рускага свету“.

“Мы ніколі на гэта не пагодзімся. Мы паважаем суверэнітэт Беларусі і права беларусаў на самавызначэнне“, — заявіў прадстаўнік МЗС.

Як адзначыў Барташэўскі, Польшча прайшла тым жа шляхам, якім цяпер ідзе Беларусь. “Так, Польшчы было лягчэй, бо мы не былі часткай СССР, і мы гэта разумеем і шануем. Але цягам дзясяткаў гадоў мы мелі незалежны ўрад на чужыне і лічылі, што гэта праўдзівы ўрад. Гэта трывала ад 1945-га да 1990 года, і мы верылі, што калісьці будзем вольнымі. Не ўсе пакаленні палякаў абавязкова верылі, што будуць вольнымі пры сваім жыцці, але не сумняваліся, што ўрэшце свабода будзе. Я дзіцём не спадзяваўся жыць у дэмакратычнай Польшчы, але ведаў, што гэта аснова, базавая рэч, да якой мы павінны дайсці”, — адзначыў 70-гадовы Барташэўскі.

На яго думку, не варта казаць, што гэта занадта доўга, не мае сэнсу, што гэта нельга зрабіць. “Калі народ верыць у свае правы, у прыроднае права на свабоду, то гэтую свабоду ён атрымае. У нас гэта заняло ў свой час 123 гады, калі мы былі пад падзеламі [Рэчы Паспалітай]. Я нікому не жадаю такога доўгага перыяду і таксама ўпэўнены, што так доўга чакаць вы не будзеце”, — лічыць дыпламат.

Як заявіў намміністра, у беларусаў ёсць прадстаўнікі, якія “дзейнічаюць вельмі спраўна” і робяць асноўную рэч — аб’ядноўваюць беларускую эміграцыю, бо тут можна працаваць як свабодныя людзі.

“Хоць вы можаце мець розныя погляды, базавая мэта кожнага беларуса — стварэнне суверэннай, незалежнай, дэмакратычнай Беларусі як часткі Еўропы. Беларусь не можа быць без свабоднай Еўропы, як і свабоднай Еўропы не можа быць без свабоднай Беларусі”, — перакананы Барташэўскі.

“Вы цяпер маеце вялікі прывілей, бо вы не самотныя, вы маеце сяброў у Польшчы, — падкрэсліў ён. — Таксама вы маеце Аб’яднаны пераходны кабінет, які паказвае вам кірунак. І тым кірункам вы мусіце ўсе ісці, не разыходзіцца па баках, нават калі не з усім пагаджаецеся. Таму што вы не можаце з усім згаджацца, бо тады не было б свабоднай думкі. Але мусіце ісці ў тым кірунку, а потым, калі будзеце вольныя, правядзеце дэмакратычныя выбары і будзеце спрачацца, аргументаваць, размаўляць у сябе дома”.

Барташэўскі заявіў, што Польшча не хоча ад’езду беларусаў з краіны, але трэба, каб у іх дома “была магчымасць быць роўнымі, свабоднымі людзьмі”.

Падзяліцца: