Мінск 21:07

20-гадовы беларус прыгавораны ў Расіі да 16 гадоў зняволення за падпал чыгуначнага вагона

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

29 сакавіка, Позірк. Вайсковы суд у Маскве прыгаварыў 20-гадовага грамадзяніна Беларусі Іллю Аляшкевіча і 20-гадовага жыхара Уладзімірскай вобласці (РФ) Антона Бакланава да 16 і 15 гадоў пазбаўлення волі адпаведна, паведамляе выданне “Коммерсант”.

Іх абвінавачвалі ў “тэракце, здзейсненым групай асоб па папярэдняй змове, што пацягнула прычыненне значнай маёмаснай шкоды” (п. “а” і “б” ч. 2 арт. 205 КК РФ).

Паводле версіі абвінавачвання, фігуранты справы “мелі патрэбу ў хуткім заробку і ў пошуках працы натыкнуліся ў месенджары “Телеграм” на асобу, якая падтрымлівае Украіну”. Гэты чалавек, як гаворыцца ў абвінаваўчым заключэнні, прапанаваў ім за 120 тыс. расійскіх рублёў (1.480 долараў на сёння) падпаліць кабіну рамонтнага вагона на станцыі Быкава ў Маскоўскай вобласці.

Узяўшы з сабой бензін, беларус і расіянін прыбылі на месца стаянкі лакаматыва, дзе Аляшкевіч “залез на аўтаматрысу і разбіў шкло, пасля чаго выліў змесціва каністры ўнутр кабіны, а затым падпаліў”.

“Бакланаў вёў відэаздымку на свой тэлефон і назіраў за абстаноўкай. Відэа было адпраўлена куратару як справаздачу аб выкананым заданні. Пасля выканання задання Аляшкевічу паступіла ўсяго 26 долараў <…>. Маёмасці АТ “РЖДстрой”, прызнанага па справе пацярпелым бокам, быў нанесены ўрон на суму 5,8 млн рублёў (71,6 тыс. долараў. — “Позірк”.)”, — гаворыцца ў публікацыі.

Крымінальная справа была распачатая 18 лістапада 2024 года.

Адзначаецца, што адвакаты не пагадзіліся з кваліфікацыяй дзеянняў падабаронных, заявіўшы, што ў іх “адсутнічаў намер на дэстабілізацыю дзейнасці органаў улады альбо застрашванне насельніцтва”.

Абаронцы звярнулі ўвагу, што слова “Украіна” сустракаецца “толькі ў працэсуальных дакументах самога следчага, але адсутнічае ў паказаннях, перапісках і нават у пазіцыі супрацоўнікаў ФСБ”. На думку адвакатаў, экспертызы па справе “належным чынам не праводзіліся”.

“Два хлопцы 2005 і 2006 гадоў нараджэння, адзін з дзіцячага дома, жыў на вуліцы, другі сышоў з дому ў 17 гадоў, бацькі ім не цікавіліся. Вырашылі хутка зарабіць грошай, каб аплаціць жыллё. Адзін з іх шукаў у інтэрнэце працу і ўбіў “праца спорцікам”, знайшоў спасылку на працу ў “Телеграме” і напісаў туды (дарэчы, гэты акаўнт да гэтага часу актыўны). Яму прапанавалі падпаліць кабіну рамонтнага вагона, прадставіліся рамонтнай кампаніяй, якім гэта выгадна. Але следства і суд не сталі правяраць гэтую версію”, — сказаў адзін з адвакатаў.

“Суд вынес прыгавор, заснаваны на фантазіях следчых лінейнага ўпраўлення МУС на станцыі Масква-Разанская аб нейкім украінскім следзе, мэтах і матывах майго падабароннага. З бяздомнага хлопца з дзіцячага дома, які толькі хацеў зарабіць на жыццё, так, безумоўна, далёка не самым правільным чынам, зрабілі тэрарыста, які падпалам кабіны машыніста ноччу хацеў расхістаць увесь дзяржаўны лад Расіі. Гэты прысуд застанецца на іх сумленні”, — заявіў другі абаронца.

Падзяліцца: