Мінск 23:21

Лукашэнка запрасіў у Беларусь прэзідэнта Конга, які кіруе краінай больш за 40 гадоў

Архіўнае фота: прэс-служба прэзідэнта Казахстана

30 сакавіка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка павіншаваў 82-гадовага Дэні Сасу-Нгесо з пераабраннем на пасаду прэзідэнта Конга.

“Гэтая важная падзея адлюстроўвае давер народа і прызнанне вашых досведу, адказнасці і імкнення служыць сваёй краіне. Упэўнены, што ваша дзейнасць працягне прыносіць значныя вынікі і ствараць новыя магчымасці для прагрэсу Рэспублікі Конга”, — цытуе віншавальніка яго прэс-служба.

Лукашэнка разлічвае на “пашырэнне канструктыўнага двухбаковага супрацоўніцтва” Беларусі і Конга.

“Карыстаюся выпадкам, каб пацвердзіць маё запрашэнне ў ваш адрас наведаць Рэспубліку Беларусь”, — гаворыцца ў віншаванні.

На згаданых выбарах у Конга Сасу-Нгесо пераабраны на чарговы пяцігадовы тэрмін. Паводле афіцыйных звестак, за яго прагаласавала 84,65% выбаршчыкаў.

Лукашэнка і Сасу-Нгесо сустракаліся 3 верасня 2025 года ў Пекіне, дзе абодва прысутнічалі на мерапрыемствах з нагоды перамогі над Японіяй і заканчэння Другой сусветнай вайны.

Сасу-Нгесо кіруе краінай з 1979 года (акрамя перыяду 1992–1997 гадоў, калі ён прайграў выбары, а затым вярнуўся ва ўладу пасля грамадзянскай вайны і ўмяшання Анголы).

71-гадовы Лукашэнка кіруе ў Беларусі з 1994 года.

Падзяліцца: