Мінск 19:01

Латушка абмяркоўвае ў Страсбургу прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці — АПК

Павел Латушка і кіраўнік МУС Літвы Уладзіслаў Кандратовіч у Страсбургу
Фота: прэс-служба АПК

1 красавіка, Позірк. Падчас працы ў Страсбургу намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка праводзіць кансультацыі з кіраўнікамі дыпламатычных місій і прадстаўнікамі сакратарыята Савета Еўропы “па кірунках, звязаных з прыцягненнем да адказнасці Александра Лукашэнкі за злачынствы”, паведамляе прэс-служба АПК.

Паводле інфармацыі палітычнай структуры, гаворка пра злачынствы супраць беларускага і ўкраінскага народаў, ваенныя злачынствы, звязаныя з незаконным вывазам дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, ды інш.

На сустрэчы з літоўскім міністрам унутраных спраў Уладзіславам Кандратовічам падчас 50-й сесіі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў Савета Еўропы, якая праходзіць гэтымі днямі ў Страсбургу, Латушка падзякаваў Літве “за прынцыповую пазіцыю ў пытаннях прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за здзяйсненне злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа”.

Менавіта “дзякуючы прынцыповай пазіцыі Літвы” пракурор Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) “распачаў расследаванне беларускай сітуацыі ў сувязі са злачынствамі супраць чалавечнасці, якія здзяйсняюцца Лукашэнкам і яго хаўруснікамі”, падкрэсліў палітык.

Паводле слоў Латушкі, падчас розных сустрэч ён як прадстаўнік АПК і дэлегат Каардынацыйнай рады “пастаянна ставіць пытанне пра важнасць гэтай працы і падкрэслівае лідарскую ролю Літвы ў гэтым працэсе”, а таксама “адвакатуе неабходнасць далучэння іншых дзяржаў да расследавання злачынстваў рэжыму Лукашэнкі”.

12 сакавіка МКС абвясціў, што распачаў расследаванне на падставе матэрыялаў Літвы пра здзяйсненне рэжымам Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці. Офіс пракурора МКС адкрыў гэтае расследаванне, бо прыйшоў да наступнай высновы: “Існуюць разумныя падставы меркаваць, што злачынствы, якія трапляюць пад дзеянне Рымскага статута МКС, былі здзейсненыя прынамсі часткова на тэрыторыі Літвы”. Апошняя, у адрозненне ад Беларусі, з’яўляецца ўдзельніцай МКС.

Мандат расследавання “ахоплівае трансгранічныя злачынствы — любыя мінулыя і цяперашнія абвінавачанні ў злачынствах, здзейсненых з 1 траўня 2020 года ў Беларусі, калі прынамсі адзін элемент злачынства быў здзейснены на тэрыторыі Літвы, у адпаведнасці з параметрамі звароту і рамкамі юрысдыкцыі суда”.

“Такім чынам, новае расследаванне ўключае злачынствы супраць чалавечнасці, такія як дэпартацыя, а таксама пераслед з дапамогай дэпартацыі ў дачыненні да любой вызначанай групы або супольнасці з палітычных матываў, якія, як мяркуецца, былі здзейсненыя беларускімі ўладамі. Гаворка ідзе пра злачынствы, якія трапляюць пад артыкул 7(1)(d) і артыкул 7(1)(h) Рымскага статута”, — гаварылася ў паведамленні суду.

Каментуючы гэтую падзею, Латушка выказаў меркаванне, што МКС можа “ў любы момант” выдаць ордар на арышт Лукашэнкі. Праз два тыдні, 28 сакавіка, палітык заявіў, што Лукашэнка мае атрымаць тры міжнародныя ордары на арышт — дадаткова за “незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей і індактрынацыю іх у ідэях “рускага свету”, а таксама за “акт агрэсіі” супраць Украіны.

Падзяліцца: