Мінск 10:54

Вальфовіч не выключыў адстаўкі тых, хто “не здольны кіраваць” у войску

Фота: "Пул Першага"

1 красавіка, Позірк. Падчас раптоўнай комплекснай праверкі Узброеных сіл праінспектавана 44 воінскія часці ўсіх родаў войскаў, паведаміў дзяржСМІ дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч пасля праведзенай Аляксандрам Лукашэнкам нарады па яе выніках.

Лукашэнка запатрабаваў далажыць аб усіх праблемных пытаннях, аб тым, што атрымалася, што не атрымалася, на што трэба звярнуць увагу. “І паставіў дакладныя задачы мне, міністру абароны яшчэ раз усё прааналізаваць і прадставіць яму канкрэтныя прапановы па выпраўленні сітуацыі. Па камусьці прыняць кадравае рашэнне, хто не здольны кіраваць, таму што вайна памылак не даруе і не даруе“, — сказаў Вальфовіч.

“Калі ўсе будуць бачыць, што нашы невялікія, кампактныя Узброеныя сілы здольныя разгарнуцца ў найбольш кароткі час і выканаць задачы па абароне суверэнітэту Беларусі і беларускага народа, я думаю, што ніхто не асмеліцца прыйсці да нас, на нашу зямлю з нядобрымі думкамі, — лічыць дзяржсакратар. — Хоць рыхтавацца трэба да ўсяго. І, рыхтуючыся да вайны, ты павінен быць упэўнены ў тым, што вайны не будзе”.

Паводле інфармацыі прэс-службы Лукашэнкі, той на нарадзе адзначыў, што ў Беларусі “пад ружжом“ знаходзіцца 70 тыс. чалавек, а з улікам унутраных войскаў і “невялікіх войскаў“ (адпаведных падраздзяленняў. — Позірк.) у Камітэце дзяржбяспекі — “пад 100 тыс.“; “паўмільёна з улікам дадатковага прызыву ў выпадку вайны”.

Ён таксама спаслаўся на нібыта дадзеныя яму калісьці парады ад баевікоў расійскай прыватнай вайсковай кампаніі “Вагнер“, якія заклікалі Лукашэнку “надаць асаблівую ўвагу фізічнай падрыхтоўцы” вайскоўцаў. Пасля гэтага ён “папрасіў вайскоўцаў, каб яны гэтых інструктараў для навучання <…> вайскоўцаў паклікалі“ (дзейныя і былыя баевікі ПВК “Вагнер” актыўна трэніравалі супрацоўнікаў беларускіх спецатрадаў унутраных войскаў. — Позірк.).

Лукашэнка заявіў пра неабходнасць пастаянна падтрымліваць у працоўным стане ўзбраенне і вайсковую тэхніку. Ён даручыў вайскоўцам “часцей мяняць раёны знаходжання з улікам разведданых у магчымага праціўніка“. У гэтым кантэксце прамоўца згадаў, як ён сцвярджае, убачаныя ім звесткі аб дыслакацыі беларускіх войскаў на “фота з украінскага беспілотніка“.

Раптоўная праверка боегатоўнасці ўсіх відаў і родаў Узброеных сіл на даручэнне Лукашэнкі праводзілася з 16 студзеня — у абыход Мінабароны. Мерапрыемствы першапачаткова планавалася праводзіць да вясны, аднак 3 сакавіка яе ініцыятар заявіў, што праверка будзе працягвацца.

Пра яе завяршэнне Вольфавіч паведаміў 13 сакавіка. Паводле яго слоў, правераныя воінскія часці як сухапутных войскаў, так і Ваенна-паветраных сіл і Войскаў супрацьпаветранай абароны.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Рэжым Лукашэнкі практычна безупынна праводзіць вучэнні сілавікоў, у тым ліку ў войску.

Падзяліцца: