Мінск 15:52

У якасці падазраваных па справах аб паветранай кантрабандзе з Беларусі ў Літве праходзяць 90 чалавек

Ілюстрацыйнае фота: САДМ Літвы

2 красавіка, Позірк. У Літве распачата больш за 30 папярэдніх спраў па фактах кантрабанды цыгарэт з Беларусі з дапамогай метэазондаў, у статусе падазраваных знаходзіцца 90 чалавек, паведаміла генеральны пракурор гэтай балтыйскай дзяржавы Ніда Грунскене.

“Даказаць гэта складана, але супрацоўнікі паліцыі працуюць, кола падазраваных па гэтай справе расце”, — цытуе чыноўніцу партал навінаў Delfi.

Паводле слоў Грунскене, ад пачатку 2026 года зафіксаваныя 83 выпадкі кантрабанды з дапамогай метэазондаў, расследавана каля 20 спраў, больш за 30 чалавек прызнана вінаватымі і пакарана за кантрабанду.

“Летась было зафіксавана больш за 600 выпадкаў кантрабанды цыгарэт, якія перавозяцца на метэазондах, а сёлета за 3 месяцы мы ўжо зафіксавалі 83 выпадкі”, — звярнула ўвагу генпракурор.

Масавае ўварванне паветраных шароў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі ў Літву ўвосені і на пачатку снежня 2025 года стала прычынай неаднаразовага закрыцця вільнюскага аэрапорта, размешчанага недалёка ад мяжы. У спробе прымусіць Мінск паўплываць на сітуацыю Літва з 29 кастрычніка па 19 лістапада закрывала мяжу з Беларуссю.

За гэтыя тры тыдні рэжым Лукашэнкі паспеў пастрожыць правілы знаходжання ў краіне літоўскага грузавога транспарту, увязаўшы іх з працай пунктаў пропуску. У выніку ў Беларусі захрасла мноства транспарту з Літвы. Мінск пачаў налічваць перавозчыкам сумы за “ахову” грузавікоў на стаянках, паралельна дамагаючыся ад Вільнюса дыялогу на палітычным узроўні.

Транспарт паступова пачаў вяртацца ў Літву толькі ў сакавіку 2026 года.

Варта адзначыць, што выпадкі паветранай кантрабанды сталі больш рэдкімі, але не спыніліся. Перыядычна аэрапорт у літоўскай сталіцы ўсё гэтак жа закрываюць праз прылёт аэрастатаў.

Падзяліцца: