Мінск 17:58

Улады назвалі “фэйкам” інфармацыю пра начныя выбухі ў Магілёве

Ілюстрацыйнае фота: mil.in.ua

3 красавіка, Позірк. “Фэйкам” назвалі ўлады Магілёва інфармацыю пра выбухі ў гарадскім раёне Задняпроўе.

Пра выбухі, як паказвае аналіз “Позірку”, паведамілі ў сацсетках дзясяткі чалавек. Мясцовыя жыхары пішуць, што рэзкія гукі, падобныя на выбух, былі чутныя некалькі разоў, з інтэрваламі — ноччу і раніцай.

У каментарыях выказваецца здагадка, што гук мог быць падобны “на пераадоленне знішчальнікам гукавога бар’ера”. Некаторыя адзначаюць, што ад гукаў трэсліся вокны, “вібрацыю” ад іх адчулі кіроўцы, якія ў гэты момант ехалі ў аўтамабілях.

Некаторыя карыстальнікі выказваюць незадаволенасць, што нават калі каля горада ідуць вучэнні ці “падрыхтоўка да вайны”, пра гэта ніхто не папярэдзіў жыхароў горада, якія цяпер напалоханыя невядомасцю.

Мясцовыя ўлады, рэагуючы на рэзананс, заявілі, што інфармацыя аб выбухах — “інфармацыйны ўкід”.

Заяву ад імя магілёўскага аддзялення МНС і УУС аблвыканкама апублікаваў тэлеграм-канал выдання “Магілёў.Анлайн”. Згаданыя органы “афіцыйна паведамляюць, што ніякіх надзвычайных падзей у Задняпроўі не назіраецца”, гаворыцца ў публікацыі.

“Паведамленні аб лятучых дронах і выбухах 2 красавіка паміж 23:00 і 23:30 пацверджання не знайшлі”, — гаворыцца ў заяве.

Паведамленні аб беспілотніках з’яўляюцца ў Беларусі рэгулярна.

Уначы 23 сакавіка жыхары Магілёва, Мінска і раёна, а пазней Гродна паведамлялі аб гуках, падобных на дрон, які ляціць над дамамі. Афіцыйных каментарыяў ад уладаў не паступала. У 4:04 па мінскім часе камера відэаназірання зафіксавала выбух дрона на лёдзе возера ў Варэнскім раёне Літвы, які мяжуе з Гродзенскай вобласцю.

24 сакавіка “расійскі дрон упаў на агарод мясцовага жыхара, але не выбухнуў” паблізу мяжы з Украінай у адной з вёсак Лоеўскага раёна (Гомельская вобласць), паведамляла рэгіянальнае выданне “Флагшток”.

Паводле звестак выдання, беспілотнік “вывезлі спецыяльныя службы”.

20 лютага 2026 года камандуючы ВПС і войскамі СПА Андрэй Лук’яновіч заявіў, што беларускія вайскоўцы рэгулярна ўжываюць авіяцыю і зенітныя ракетныя комплексы для знішчэння беспілотнікаў, якія залятаюць у Беларусь.

За 2025 год у Беларусі размініравана каля 520 дронаў, кожны трэці — баявы, заявіў 18 сакавіка ў інтэрв’ю прэс-службе ўнутраных войскаў (стст) МУС намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы ВВ Мікалай Карпянкоў. Пра паходжанне дронаў ён не паведаміў.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны.

Падзяліцца: