Мінск 17:47

На польска-беларускай мяжы затрыманы вядомы фотограф Андрэй Лянкевіч

Андрэй Лянкевіч
Архіўнае фота: "Еўрарадыё"

3 красавіка, Позірк. На польска-беларускай мяжы затрыманы вядомы фотограф Андрэй Лянкевіч, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле папярэдняй інфармацыі, “нагодай стала “экстрэмісцкая” падпіска”, якую знайшлі ў тэлефоне мужчыны. Такім чынам, Лянкевіча чакае суд па адміністрацыйнай справе.

Лянкевіч — вядомы беларускі фатограф, меў больш за 80 персанальных і калектыўных выстаў у Еўропе, Азіі і ЗША. Фатаграфіі знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Аўстрыі, Германіі, Бельгіі, Польшчы, Швейцарыі і Літве.

Паводле звестак праваабаронцаў, затрыманні на мяжы не спыняюцца.

У кастрычніку 2025 года паведамлялася, што больш за сто чалавек было затрымана па вяртанні ў Беларусь, але лічба можа быць значна большай. Пра допыты і затрыманні ў беларускіх пунктах пропуску “Вясна” рэгулярна атрымлівае паведамленні ўжо некалькі гадоў.

Супрацоўнікі спецслужбаў ці памежнікі дапытваюць як беларусаў, так і грамадзян іншых краін, правяраюць іх мабільныя тэлефоны, распытваюць у тым ліку пра сваякоў і мэты паездкі за мяжу. У некаторых выпадках “размовы” сканчаюцца затрыманнем. 

Падзяліцца: