Мінск 10:10

ЗВР Беларусі зменшыліся, але ўсё яшчэ пакрываюць 3,4 месяца імпарту — ЕАБР

Ілюстрацыйнае фота: Yana Hurska / unsplash.com

6 красавіка, Позірк. Золатавалютныя рэзервы (ЗВР) Беларусі, нягледзячы на ​​памяншэнне ў сакавіку, усё яшчэ “пакрываюць 3,4 месяца імпарту тавараў і паслуг, што адпавядае міжнароднаму стандарту дастатковасці”, гаворыцца ў штотыднёвым макраэканамічным аглядзе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).

Аналітыкі адзначылі, што асноўнай прычынай зніжэння ўзроўню ЗВР, які дагэтуль бесперапынна рос 15 месяцаў, стала “патанненне золата ў складзе рэзерваў на 1,1 млрд долараў праз падзенне коштаў на 11,8% за сакавік”. “Карэкцыя была выкліканая ўмацаваннем долара на фоне росту даходнасці казначэйскіх аблігацый ЗША”, — канстатаваў ЕАБР.

Як паведамляў “Позірк”, на 1 красавіка 2026 года міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі складалі 15 млрд 242,1 млн долараў у эквіваленце — на 6,9%, альбо на 1 млрд 124,6 млн менш, чым на 1 сакавіка (16 млрд 366,7 млн)

Паводле папярэдніх даных Нацыянальнага банка, манетарнае золата ў структуры ЗВР складае 7 млрд 981,4 млн долараў (-1 млрд. 981,4 млн за месяц; -11,67%), спецыяльныя правы запазычання — 1 млрд 402 млн (-11,9 млн; -0,84%), рэзервовыя актывы ў замежнай валюце — 5 млрд 858,6 млн (-58,5 млн; -0,99%). Рэзервовая пазіцыя ў Міжнародным валютным фондзе і іншыя актывы засталіся ранейшымі — 0,03 млн і 0,1 млн долараў адпаведна.

Падзяліцца: