Мінск 16:02

З 2020 года ў Беларусі ліквідавана не менш за 2.020 НКА — Lawtrend

Ілюстрацыя на рэсурсах Lawtrend

6 красавіка, Позірк. З 2020 года і да канца сакавіка 2026-га ў Беларусі ліквідавана не менш за 2.020 НКА — аб’яднанняў, прафсаюзаў, фондаў, недзяржаўных устаноў, асацыяцый, вынікае з новага агляду праваабарончай арганізацыі Lawtrend.

На канец сакавіка было ліквідавана не менш як 2.020 НКА, лютага — 2.012, студзеня — 1.995, снежня 2025 года — 1.990, лістапада — 1.984, кастрычніка — 1.977, верасня — 1.970, жніўня — 1.950, чэрвеня — 1.948. красавіка — 1.926, сакавіка — 1.917, лютага — 1.905, студзеня — 1.896; на канец 2024-га — 1.891, 2023-га — 1.509.

Агулам за 2025 год ліквідавана мінімум 99 НКА, за 2024 год — 382, ​​за 2023 год — 336.

Паводле інфармацыі Lawtrend, на канец сёлетняга сакавіка ў працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася не менш за 1.239 некамерцыйных арганізацый. На канец лютага такіх было 1.235, студзеня — 1.223; снежня 2025-га — 1.220, лістапада — 1.216, кастрычніка — 1.214, верасня — 1.211, жніўня — 1.193, ліпеня — 1.192, чэрвеня — столькі ж, траўня — 1.190, красавіка — 1.189, сакавіка і лютага — 1.188, студзеня — 1.187; снежня 2024-га — 1.186.

Рашэнне пра самастойную ліквідацыю прыняла сама меней 781 НКА. На канец лютага такіх было 777, студзеня — 772, снежня 2025-га — 770, лістапада — 768, кастрычніка — 763, верасня — 759, жніўня — 757, ліпеня — 756, чэрвеня — 752, траўня — 746, красавіка — 737, сакавіка — 729, лютага — 717, студзеня — 709; на канец 2024 года — 705.

У сакавіку зарэгістраваныя арганізацыі працягвалі працаваць унутры краіны “ва ўмовах строгага адміністрацыйнага кантролю і абмежаванняў”. Ключавым фактарам стала неабходнасць для некамерцыйных арганізацый падаваць абавязковую штогадовую справаздачнасць.

Публічная справаздачнасць, як адзначаецца, “уведзеная ў развіццё норм антытэрарыстычнага заканадаўства і распаўсюджваецца на ўсе грамадскія аб’яднанні і фонды незалежна ад маштабу іх дзейнасці, колькасці членаў або аб’ёмаў фінансавання”. Пры гэтым яна прадугледжвае раскрыццё “залішняга аб’ёму інфармацыі, не звязанай з мэтамі супрацьдзеяння фінансаванню тэрарызму, і дублюе звесткі, якія ўжо прадстаўляюцца ў органы юстыцыі і падатковыя органы”.

Такая практыка не адпавядае прынцыпу суразмернасці ўмяшання дзяржавы ў дзейнасць некамерцыйных арганізацый.

Праваабаронцы адзначаюць, што ў сакавіку 2026 года сітуацыя са свабодай асацыяцый у Беларусі заставалася “стабільна неспрыяльнай і характарызавалася адсутнасцю хоць якіх-небудзь прыкметаў паляпшэння”.

Працягвае пашырацца практыка прымянення антыэкстрэмісцкага заканадаўства, “што фактычна прыводзіць да крыміналізацыі шырокага спектра грамадзянскай актыўнасці”. У “Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, што маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці” на канец сакавіка ўнесена 339 суб’ектаў — на восем больш, чым у мінулы маніторынгавы перыяд, адзначаюць праваабаронцы.

“Экстрэмісцкімі фарміраваннямі” сярод іншых былі прызнаны Беларускі ПЭН, праваабарончая арганізацыя Human Constanta, а таксама выдавецтвы “Фонд Kamunikat.оrg”, Lohvinau Publishing House, Andrei Yanushkevich Publishing (аб’яднаныя ў адно “фарміраванне”).

Праваабаронцы канстатуюць, што ў Беларусі захоўваецца высокі ўзровень ціску на любыя ініцыятывы, якія дзейнічаюць уразрэз з афіцыйнай беларускай ідэалогіяй, у тым ліку за мяжой.

Падзяліцца: