Мінск 18:07

Мінздароўя пацвердзіла скасаванне платнай медадукацыі за выключэннем завочнай фармацэўтычнай

Ілюстрацыйнае фота: Usman Yousaf / unsplash.com

6 красавіка, Позірк. З новага навучальнага года (2026/2027) у Беларусі скасоўваецца платная адукацыя па медыцынскіх спецыяльнасцях, вынікае з заявы дзяржаўных СМІ начальніцы галоўнага ўпраўлення кадравай працы і прафесійнай адукацыі Міністэрства аховы здароўя Вольгі Калюпанавай.

Платнае навучанне захаваецца толькі на завочнай форме па фармацэўтычным напрамку.

Ці будуць плаціць за адукацыю тыя, хто паступіў у медуніверсітэты ў мінулыя гады, не ўдакладняецца.

Паводле слоў чыноўніцы, у новым навучальным годзе колькасць бюджэтных месцаў на медспецыяльнасці павялічыцца на 760. Агулам у 2026 годзе у медыцынскія ВНУ запланавана прыняць 3.615 студэнтаў вочнай формы навучання і 55 — завочнай (па фармацэўтычным напрамку).

Праз мэтавы набор плануецца прыняць 45–70% студэнтаў, “зыходзячы з рэальнай патрэбы рэгіёнаў і ўстаноў аховы здароўя”. Летась на такой падставе дапускалася залічыць да 80% першакурснікаў медвузаў.

“У выніку больш матываваных і здольных маладых людзей атрымаюць шанец вучыцца бясплатна, а сістэма аховы здароўя ўмацуе кадравы фундамент на гады наперад”, — лічыць Калюпанава.

Прадстаўніца Мінздароўя падкрэсліла, што медустановы Беларусі цяпер укамплектаваныя медыцынскімі кадрамі на 96%; укамплектаванасць педыятрамі да канца 2026 года дасягне 100%.

На сёння адпрацоўка на падставе размеркавання абавязковая толькі для выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся за кошт бюджэту. Такім чынам, цяпер адпрацоўка стане абавязковай для ўсіх, хто паступіць на медспецыяльнасць у 2026 годзе.

Тыя, хто навучаецца праз мэтавае накіраванне, абавязаныя адпрацаваць на падставе размеркавання пяць і больш гадоў (у залежнасці ад тэрміну, прапісанага ў дагаворы аб падрыхтоўцы спецыяліста), астатнія бюджэтнікі — два гады.

Спыніць “ныць і плакаць” праз недахоп у Беларусі медработнікаў запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка ў Мінску на адкрыцці 42-й гарадской паліклінікі. “Мне хочацца, каб у Беларусі ўсё было прыгожа і якасна”, — заявіў ён, выказаўшы меркаванне, што ў Беларусі “людзей хапае”.

“Трэба выбудаваць сістэму так, каб тыя людзі, якія маюцца, маглі працаваць і зарабляць, і абслугоўваць насельніцтва. Гэта больш як на 200 працэнтаў тычыцца Міністэрства аховы здароўя. Медыкі, як прэзідэнт, колькі трэба, столькі і працуюць”, — адзначыў ён.

У накіраваным у красавіку 2025 года ў ААН дакладзе кааліцыі няўрадавых арганізацый пра датрыманне краінай абавязацельстваў па правах чалавека ў рамках чацвёртага цыкла Універсальнага перыядычнага агляду (УПА) гаварылася, што праз рэпрэсіўныя дзеянні ўладаў забеспячэнне медыцынскай дапамогай у Беларусі стала пагаршаецца.

Адзначалася, што ў Беларусі зафіксавана шмат выпадкаў прыпынення дзейнасці прыватных медыцынскіх цэнтраў.

Аўтары дакумента канстатавалі, што недахоп медперсаналу працягвае пагаршацца, чаму садзейнічаюць масавы ад’езд урачоў з краіны праз неспрыяльныя ўмовы працы, недастатковую аплату і палітычныя рэпрэсіі.

У Рэспубліканскім банку вакансій на 6 красавіка паводле запыту “ўрач-спецыяліст” фігуруе 2.627 вакансій, паводле запыту “медыцынская сястра” — 2.312.

Пасля 2020 года з рэпрэсіямі ў Беларусі сутыкнуліся ў тым ліку медыкі. Многія з іх актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах, выступаючы супраць гвалту і катаванняў над людзьмі. Кіраўніцтва бальніц звальняла нелаяльных медыкаў, хаця сярод іх былі прадстаўнікі ўнікальных для Беларусі спецыялізацый.

Падзяліцца: