Мінск 15:57

Базавая інфляцыя ў сакавіку склала 6,4% у гадавым вымярэнні — Нацбанк

Ілюстрацыйнае фота: soyuz.by

10 красавіка, Позірк. Базавая інфляцыя (не ўлічвае сезонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, якія часта змяняюцца ў цане ў кароткатэрміновай перспектыве або рэгулююцца дзяржавай) у сакавіку 2026 года склала 6,4% (тут і далей у гадавым выражэнні), вынікае з апублікаванага Нацыянальным банкам агляду інфляцыйных працэсаў.

У лютым базавая інфляцыя была на ўзроўні 6,8%, у студзені — 6,9%.

Рост цэн на плодаагароднінную прадукцыю (сезонныя тавары) у мінулым месяцы склаў 3,5% (+5,6% і +3,7% адпаведна).

Рэгуляваныя дзяржавай цэны і тарыфы выраслі да 4,4% (+3,9%, +6,6%).

Агрэгаваны паказчык трэндавай інфляцыі (індыкатар інфляцыі, вычышчаны ад уплыву рознага роду шокаў) павялічыўся на 5,5% (+5,7% і +6,0%).

Спажывецкія цэны ў сакавіку 2026 года выраслі на 0,6%, з пачатку года — на 1,6%, у гадавым выражэнні (да сакавіка 2025-га) — на 5,4%.

Нацыянальны банк робіць усё неабходнае, каб інфляцыя заставалася ў межах вызначанага на 2026 год паказчыка, і пакуль сітуацыя развіваецца “нават трошкі лепш прагнозаў“, заявіў журналістам 4 красавіка ў Стаўбцоўскім раёне (Мінская вобласць) старшыня праўлення рэгулятара Раман Галоўчанка.

Чыноўнік канстатаваў, што ў свеце “шмат усялякіх рэчаў адбываецца“, таму “цяжка прадбачыць, як усё будзе“ далей, але “ў цэлым пакуль дынаміка пазітыўная“.

“Калі яна замацуецца па выніках першага квартала і нашы апераджальныя інструменты, апераджальныя індыкатары будуць паказваць доўгатэрміновасць гэтай тэндэнцыі, то я не выключаю, што мы разгледзім і пытанне аб зніжэнні стаўкі рэфінансавання, што, адпаведна, пазітыўна адаб’ецца таксама на стаўках на крэдытным і дэпазітным рынку“, — паведаміў кіраўнік рэгулятара.

25 чэрвеня 2025 года Нацбанк павысіў стаўку рэфінансавання з 9,5% да 9,75% гадавых.

Летась інфляцыя склала 6,8%. Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшымі прагнознымі параметрамі развіцця краіны на 2025 год, цэны не павінны былі вырасці больш, чым на 5%. Такім чынам, афіцыйная інфляцыя па выніках года перавысіла планавы паказчык на 1,8 працэнтнага пункта.

Памесячныя паказчыкі “дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаныя пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю № 84 ад 30 снежня 2025-га.

Гадавы прырост не павінен перавысіць 7%, як і закладзена ў зводзе важнейшых прагнозных паказчыкаў развіцця Беларусі.

У студзені цэны не павінны былі вырасці больш чым на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га (фактычна +0,5%), у лютым (з нарастаючым вынікам) — не больш за 2% (+1%), сакавіку — 2,5% (+1,6%).

Далей: красавік — 3,1%, травень — 3,4%, чэрвень — 3,8%, ліпень — 4%, жнівень — 4,2%, верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.

Паводле інфармацыі Нацбанка, адчувальная інфляцыя, згодна з вынікамі штоквартальнага апытання насельніцтва, у снежні 2025 года ў гадавым вымярэнні склала 11,3%, чаканая інфляцыя ў наступныя 12 месяцаў — 11,2%.

У верасні 2025-га гэтыя паказчыкі былі на ўзроўні 11,2% і 10,7% адпаведна. Такім чынам, паказчык адчувальнай інфляцыі вырас на 0,1 п.п., чаканай — на 0,5.

Падзяліцца: