Мінск 14:20

35-гадовы замежнік раскладваў у Мінскай вобласці мефедрон і гашыш, распачатая крымінальная справа — МУС

Відэа: прэс-служба МУС / стоп-кадр: "Позірк"

11 красавіка, Позірк. 35-гадовага замежнага грамадзяніна затрымалі ў Мінскім раёне супрацоўнікі наркакантролю пры падтрымцы байцоў спецатрада хуткага рэагавання ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў.

Намеснік начальніка ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі УУС Мінаблвыканкама Дзяніс Аскальдовіч, відэакаментарый якога 11 красавіка апублікавала прэс-служба МУС, паведаміў, што замежнік прыбыў у Беларусь у 2026 годзе.

Паводле яго слоў, раней не судзімы мужчына “працаваў на інтэрнет-краму — раскладваў буйныя партыі мефедрона і гашышу ў Мінскай вобласці”. У затрыманага вынята каля 350 г гашышу і 1 кг мефедрона, наркотыкі “ён атрымліваў з-за мяжы”.

“Узбуджаная крымінальная справа за незаконны абарот наркотыкаў”, — заявіў Аскальдовіч. Прэс-служба МУС дадала, што замежніку пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Ведамства не называе грамадзянства затрыманага, а таксама краіну, адкуль паступілі наркатычныя сродкі.

На мяжы Беларусі і Еўрасаюза (куды зараз цяжка трапіць) праводзіцца строгі кантроль, пра затрыманне наркотыкаў паведамляюць мытныя органы. Мяжа з Украінай закрытая. Найменшы кантроль — на мяжы з Расіяй.

Падзяліцца: