Мінск 15:05

Мінск і Багата зацікаўленыя ў развіцці супрацы з акцэнтам на эканоміку — МЗС Беларусі

Амбасадар Дзмітрый Дзеравінскі і прэзідэнт Калумбіі Густава Франсіска Пэтра Урэга (злева направа)
Фота: прэс-служба МЗС Беларусі

11 красавіка, Позірк. Амбасадар Беларусі Дзмітрый Дзеравінскі 10 красавіка ўручыў даверчыя граматы прэзідэнту Калумбіі Густава Франсіска Пэтра Урэга, паведамляе прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Паводле інфармацыі МЗС, бакі “пацвердзілі канструктыўны характар ​​міждзяржаўнага дыялогу і выказалі зацікаўленасць у развіцці плённай супрацы па шырокім спектры кірункаў узаемнага інтарэсу з акцэнтам на гандлёва-эканамічныя стасункі”.

Прэс-служба калумбійскага прэзідэнта пацвердзіла, што амбасадар Беларусі — разам з дыпламатамі з пяці іншых краін — уручыў граматы, але пра размову не паведаміла.

31 сакавіка Дзеравінскі ўручыў копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Калумбіі Расе Ёландзе Вільявісэнсіа Мапі. Тады таксама было заяўлена, што бакі “пацвердзілі ўзаемнае імкненне да развіцця канструктыўнага міждзяржаўнага дыялогу і плённага двухбаковага ўзаемадзеяння па шэрагу перспектыўных кірункаў з акцэнтам на гандлёва-эканамічную сферу”.

З чэрвеня 2025 года асноўнае месца дыпламатычнай службы Дзеравінскага — Венесуэла. У жніўні таго ж года ён стаў амбасадарам у Балівіі па сумяшчальніцтве, у кастрычніку — дадаткова ў Калумбіі, Панаме і Эквадоры.

Даныя пра двухбаковы гандаль на сайце амбасады Беларусі ў Калумбіі пасля 2021 года не абнаўляліся.

Паводле інфармацыі Абсерваторыі эканамічнай складанасці, якая акумулюе даныя міжнародных арганізацый пра сусветны знешні гандаль, узаемны тавараабарот паміж Мінскам і Багатой у 2024 годзе склаў 2 млн 251 тыс. долараў (беларускі экспарт — 551 тыс., калумбійскія пастаўкі — 1,7 млн).

Падзяліцца: