Мінск 14:52

77-гадовая жанчына дастаўленая ў рэанімацыю пасля ДТЗ у Талачыне

12 красавіка, Позірк. Аб дарожна-транспартным здарэнні ў Талачыне паведамляе Дзяржаўтаінспекцыя Віцебскай вобласці.

ДТЗ здарылася 10 красавіка на вуліцы Валадарскага. Пацярпелая — 77-гадовая жанчына — дастаўленая ў рэанімацыйнае аддзяленне, гаворыцца ў паведамленні.

Паводле звестак ДАІ, пенсіянерка была траўмаваная ў выніку наезду аўтамабіля “Аўдзі А3” пад кіраваннем 61-гадовага кіроўцы, які рухаўся заднім ходам са стаянкі.

Кіроўца, як заяўляецца, “не пераканаўся ў бяспецы і ўчыніў наезд на жанчыну”.

Пасля гэтага мужчына “з’ехаў з месца здарэння”.

“Падчас вышуковых мерапрыемстваў парушальнік быў устаноўлены. Праводзіцца праверка”, — адзначае Дзяржаўтаінспекцыя.

Колькасць дарожна-транспартных здарэнняў знізілася ў Беларусі за год на 5,5% (з 3.453 у 2024-м да 3.262 у 2025-м), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўміраваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: