Мінск 15:20

У грамадзяніна Беларусі, які прыбыў з Літвы, вынята больш за 16 г псіхатропу

Фота: прэс-служба ДМК

13 красавіка, Позірк. У грамадзяніна Беларусі, які прыбыў з Літвы на аўтобусе, што рухаўся з Каўнаса ў Мінск, вынятае псіхатропнае рэчыва, паведаміла 13 красавіка прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта.

Паводле інфармацыі ведамства, на тое, што мужчына можа мець пры сабе забароненыя рэчывы, паказаў службовы сабака ў зале мытнага афармлення і кантролю пасажыраў у пункце пропуску Каменны Лог (з літоўскага боку — Мядзінінкай).

“Пры далейшым надглядзе багажу беларуса з касметычкі выняты слоічак з вадкасцю без якіх-небудзь апазнавальных цэтлікаў, — гаворыцца ў паведамленні. — Згодна з заключэннем эксперта Лідскага аддзела ДКСЭ па Гродзенскай вобласці, накіраванае на даследаванне рэчыва — псіхатроп тэтрагідраканабінол. Вага забароненага рэчыва склала больш за 16 грамаў”.

У дачыненні да мужчыны Гродзенская рэгіянальная мытня распачала крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 3281 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу ЕАЭС і (або) дзяржмяжу Беларусі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх прэкурсораў або аналагаў — здзейсненае групай асоб з папярэдняй змовы, або паўторна, або асобай, якая раней здзейсніла злачынствы, прадугледжаныя артыкуламі 228 і 3331, або службовай асобай з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў, або з прымяненнем гвалту да асобы, якая праводзіць мытны або ажыццяўляе памежны кантроль, або ў дачыненні да асабліва небяспечных <…> рэчываў або іх аналагаў у буйным памеры).

Санкцыя паводле гэтай часткі артыкула — абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў, са штрафам або без яго.

Тэтрагідраканабінол быў першым канабіноідам, дазволеным для медыцынскага ўжывання ў некаторых краінах. Прэпараты, якія яго ўтрымліваюць, выкарыстоўваюцца ў ЗША, Канадзе і Заходняй Еўропе для купавання пабочных эфектаў хіміятэрапіі пры раку і для барацьбы з сіндромам страты вагі пры СНІД. Апошнія даследаванні сведчаць, што гэты прэпарат можа быць эфектыўным і пры іншых захворваннях.

У Беларусі забароненая вытворчасць, продаж, перасылка, імпарт, захоўванне і рэклама тэтрагідраканабінолу (уключаючы яго сінтэтычныя лекавыя формы). Усе ізамеры тэтрагідраканабінолаў і іх вытворныя ўключаныя ў Рэспубліканскі пералік наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, якія трапляюць пад дзяржаўны кантроль.

Падзяліцца: