Мінск 18:58

Асуджаным да абмежавання волі па палітычных матывах пагражаюць высылкай з Беларусі — праваабаронцы

Ілюстрацыйнае фота: Дзяржпагранкамітэт

13 красавіка, Позірк. Пагрозы высылкі з Беларусі атрымліваюць ад сілавікоў фігуранты палітычна матываваныя крымінальных спраў, асуджаныя да абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Такія пагрозы паступаюць асуджаным “на стадыі апеляцыі перад адпраўкай” у ПУАТ, іх “прымушаюць падпісваць абавязацельства, у якім указваецца, што ў выпадку паўторнага парушэння Крымінальнага кодэкса яны могуць быць выправаджаныя з краіны”, адзначаюць праваабаронцы.

Паведамляецца, што “гэтыя дзеянні не носяць характар адзінкавых выпадкаў”.

Практыку прымусовай высылкі з Беларусі палітвязняў рэжым Аляксандра Лукашэнкі выкарыстоўвае з 2025 года, дамаўляючыся аб вызваленні вязняў з прадстаўнікамі ЗША.

12 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе пачаў расследаванне па матэрыялах Літвы аб здзяйсненні рэжымам Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці. Офіс пракурора МУС адкрыў гэтае расследаванне, паколькі прыйшоў да наступнай высновы: “Існуюць разумныя падставы меркаваць, што злачынствы, якія падпадаюць пад дзеянне Рымскага статута МУС, былі здзейсненыя прынамсі часткова на тэрыторыі Літвы“. Апошняя, у адрозненне ад Беларусі, з’яўляецца ўдзельніцай МУС.

На думку офіса пракурора МУС, “існуюць разумныя падставы меркаваць, што прымусовыя дзеянні, якія прывялі да дэпартацыі, уяўлялі сабой лінію паводзін супраць рэальных або меркаваных праціўнікаў урада Беларусі, якая ажыццяўлялася ў адпаведнасці з дзяржаўнай палітыкай ці ў яе развіццё”. Офіс прыйшоў да высновы, што “меркаваныя злачынствы, учыненыя ўладамі, заахвочваліся або ўхваляліся на вышэйшых узроўнях урада“.

30 сакавіка стала вядома, што ўлады ў Мінску анулююць пашпарты былых палітвязняў, якіх пасля вызвалення выслалі з Беларусі.

Праваабаронцы лічаць ануляванне пашпартоў экс-палітвязняў “элементам злачынстваў супраць чалавечнасці“.

Падзяліцца: