Мінск 21:40

Рэжым разглядае вольную і незалежную адукацыю як пагрозу — Офіс Ціханоўскай аб прызнанні ЕГУ “экстрэмісцкай арганізацыяй“

Ілюстрацыя: humanconstanta.org

14 красавіка, Позірк. Прызнанне Вярхоўным судом Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта “экстрэмісцкай арганізацыяй” ставіць пад пагрозу бяспеку тысячы студэнтаў і выкладчыкаў, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт “застаецца найважнейшай адукацыйнай пляцоўкай для беларусак і беларусаў як унутры краіны, так і за яе межамі”; абвінавачванні, высунутыя Генеральнай пракуратурай, “не маюць пад сабой ніякіх законных падстаў і з’яўляюцца толькі прапагандысцкімі словамі, якія накіраваныя на апраўданне рэпрэсій”.

“Мы бачым тыповую для рэжыму падмену паняццяў: адукацыя, акадэмічная свабода і міжнароднае супрацоўніцтва абвяшчаюцца пагрозай дзяржаве”, — пракаментаваў рашэнне Вярхоўнага суда дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў. Ён нагадаў, што ЕГУ дзейнічае адкрыта, у прававым полі Еўрапейскага саюза і з’яўляецца прызнаным універсітэтам з міжнароднай акрэдытацыяй.

Заявы пра нібыта “сувязях з тэрарыстычнымі арганізацыямі” і іншыя, паводле слоў Марозава, “не падмацаваныя ніякімі доказамі і носяць адкрыта абсурдны характар”. “Іх мэта — запалохванне студэнтаў, выкладчыкаў і ўсіх, хто звязаны з незалежнай адукацыйнай прасторай”, — падкрэсліў дарадца дэмлідара.

14 красавіка стала вядома, што па заяве Генеральнай пракуратуры на падставе закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму” Вярхоўны суд прызнаў “экстрэмісцкімі” Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (ЕГУ, месціцца ў Літве) і структурныя падраздзяленні, якія ўваходзяць у яе склад.

Нагляднае ведамства паведаміла аб забароне дзейнасці ЕГУ “з выкарыстаннем сімволікі і атрыбутыкі” на тэрыторыі Беларусі.

Паколькі праца ўніверсітэта, паводле сцвярджэння ведамства, “спалучаная з замахамі на суверэнітэт Беларусі, асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку”, а “злачынныя дзеянні шэрагу яго выкладчыкаў і выпускнікоў пацверджаныя матэрыяламі крымінальных спраў аб распальванні сацыяльнай варожасці і варажнечы, аб закліках да мер абмежавальнага характару, а таксама аб здзяйсненні іншых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў”, суд дапусціў неадкладнае выкананне прынятага рашэння.

Заяву аб прызнанні Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (працуе ў Вільнюсе) “экстрэмісцкай арганізацыяй“ накіраваў 15 верасня 2025 года тагачасны генеральны пракурор Андрэй Швед.

22 жніўня 2025 года сайт і акаўнты ў сацсетках ЕГУ былі ўнесеныя ў рэспубліканскі спіс “экстрэмісцкіх“ матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі.

У сувязі з гэтым ЕГУ заклікаў студэнтаў з Беларусі выконваць меры бяспекі.

У 2024 годзе на асноўныя праграмы ЕГУ паступіла 302 першакурснікі бакалаўрыяту, магістратуры і аспірантуры, 99 студэнтаў па інфарматыцы і 54 студэнты па новай праграме эканомікі. У 2024/2025 навучальным годзе ўніверсітэт прымаў студэнтаў больш чым з 20 краін.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе. 27 ліпеня 2004 года Міністэрства адукацыі Беларусі анулявала ліцэнзію ЕГУ на наданне адукацыйных паслуг, пасля чаго дзейнасць універсітэта была адноўленая ў Літве.

Падзяліцца: