Мінск 11:36

Кіраўнік МЗС Літвы выказаў гатоўнасць падтрымаць ЕГУ, прызнаны ў Беларусі “экстрэмісцкай арганізацыяй”

Кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс
Архіўнае фота: "Позірк"

15 красавіка, Позірк. Рашэнне Мінска абвясціць Еўрапейскі гуманітарны універсітэт (ЕГУ), што працуе ў Вільнюсе, “экстрэмісцкай арганізацыяй” з’яўляецца абуральным, заявіў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.

Кіраўнік літоўскай дыпламатыі адзначыў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х, што такое рашэнне ў дачыненні да “акрэдытаванага беларускага універсітэта ў выгнанні” ставіць у сур’ёзную рызыку студэнтаў, выкладчыкаў ды іх сем’і, а таксама “перашкаджае доступу да незалежнай, бесстаронняй адукацыі”.

“Гэта чарговы варожы акт рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі супраць Літвы і ЕС. Мы гатовыя падтрымаць супольнасць ЕГУ”, — падкрэсліў Будрыс.

14 красавіка Вярхоўны суд прызнаў “экстрэмісцкімі” замежную арганізацыю “Еўрапейскі гуманітарны універсітэт” і структурныя падраздзяленні, якія ўваходзяць у яе склад. Пра гэта абвясціў Дзмітрый Брылёў — начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры, якая звярнулася ў суд з адпаведнай заявай на падставе закона “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму”.

Наглядны орган паведаміў пра забарону дзейнасці ЕГУ “з выкарыстаннем сімволікі і атрыбутыкі” на тэрыторыі Беларусі.

“Універсітэт — свайго роду беларуская ВНУ ў выгнанні, гэтак яны сябе пазіцыянуюць, — аказвае метадычную, фінансавую ды іншую дапамогу прадстаўнікам радыкальна палітызаваных груповак, а таксама дэструктыўных замежных няўрадавых арганізацый, яго выкарыстоўваюць спецслужбы некаторых суседніх краін, каб нанесці шкоду інтарэсам Беларусі ў гуманітарнай, інфармацыйнай і палітычнай сферах”, — заявіў Брылёў.

ЕГУ, паводле сцвярджэння спікера, “выкарыстоўваюць і для таго, каб прасунуць альтэрнатыўныя трактоўкі гістарычных, культурных ды іншых падзей для дасягнення сваіх мэтаў”. Універсітэт нібыта “ўзаемадзейнічае з прадстаўнікамі экстрэмісцкіх і нават тэрарыстычных арганізацый”.

Паколькі праца ўніверсітэта “спалучаная з замахамі на суверэнітэт Беларусі, асновы канстытуцыйнага ладу і грамадскую бяспеку”, а “злачынныя дзеянні шэрагу яго выкладчыкаў і выпускнікоў пацверджаныя матэрыяламі крымінальных спраў пра распальванне сацыяльнай варожасці і варажнечы, пра заклікі да мер абмежавальнага характару, а таксама пра здзяйсненне іншых цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў”, суд дапусціў неадкладнае выкананне прынятага рашэння.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе. 27 ліпеня 2004 года Міністэрства адукацыі Беларусі анулявала ліцэнзію ЕГУ на аказанне адукацыйных паслуг, пасля чаго дзейнасць універсітэта была адноўленая ў Літве.

ЕГУ быў заснаваны “з мэтай надання адукацыі студэнтам з Беларусі і больш шырокага рэгіёна Усходняй Еўропы”. Студэнты атрымліваюць акрэдытаваны дыплом Еўрапейскага саюза, які адкрывае магчымасці для прафесійнага і акадэмічнага развіцця па ўсёй Еўропе і па-за яе межамі, гаворыцца на сайце ЕГУ.

Рэжым разглядае вольную і незалежную адукацыю як пагрозу — Офіс Ціханоўскай аб прызнанні ЕГУ "экстрэмісцкай арганізацыяй“

14 красавіка, Позірк. Прызнанне Вярхоўным судом Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта "экстрэмісцкай арганізацыяй" ставіць пад пагрозу бяспеку тысячы студэнтаў і выкладчыкаў, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай. Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт "застаецца найважнейшай адукацыйнай пляцоўкай для беларусак і беларусаў як унутры …
Падзяліцца: