Мінск 18:48

Эксперты ААН занепакоеныя законам, скіраваным супраць ЛГБТ, абаронцаў правоў жанчын і незалежных галасоў у Беларусі

Ілюстрацыйнае фота: Shane / unsplash.com

15 красавіка, Позірк. Закон, што прадугледжвае “адказнасць за распаўсюд інфармацыі, якая лічыцца “прапагандай” аднаполых стасункаў на падставе ўзаемнай згоды, медыцынскай дапамогі трансгендарным асобам або рэпрадуктыўнай аўтаноміі”, прывядзе да “інстытуцыяналізацыі дыскрымінацыі і значнага падвышэння рызык рэпрэсій” у Беларусі, лічаць незалежныя эксперты ААН.

“Гэты законапраект прадстаўляе сабой небяспечную эскалацыю, — гаворыцца ў заяве, з якой яны выступілі 15 красавіка. — Ён прыраўноўвае правамерную праваабарончую дзейнасць да адміністрацыйнага правапарушэння і можа дадаткова даць падставы для пераследу ўжо маргіналізаваных груп і абаронцаў іх правоў”.

Савет Рэспублікі ўхваліў законапраект, пра які ідзе гаворка, 2 красавіка (для таго, каб ён перайшоў у разрад прынятых законаў, яго яшчэ мае падпісаць Аляксандр Лукашэнка). Дакумент, звярнулі ўвагу эксперты, уводзіць у Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях артыкул 19.16 (прапаганда гомасексуальных стасункаў, змены полу, бяздзетнасці і педафіліі), забараняючы “распаўсюд ў любой форме” інфармацыі, скіраванай на фармаванне станоўчага стаўлення да аднаполых стасункаў, гендарнага пераходу, добраахвотнай бяздзетнасці або прызнання педафіліі дапушчальнай.

За парушэнне “прадугледжаныя штрафы, а ў выпадках, калі інфармацыя атрыманая непаўналетнімі, — грамадскія работы або адміністрацыйны арышт да 15 сутак”.

Эксперты падкрэслілі, што “гэтае заканадаўства ўводзіць у зман, звязваючы законнае выказванне меркаванняў з крымінальна каранымі дзеяннямі, такімі як педафілія, што ўзмацняе стыгматызацыю і варожае стаўленне”. Аўтары заявы папярэдзілі, што “расплывістыя і празмерна шырокія фармулёўкі закону могуць прывесці да яго адвольнага прымянення і далейшага звужэння грамадзянскай прасторы”.

“Змешваючы праваабарончую дзейнасць і інфармацыю пра сексуальную арыентацыю, гендарную ідэнтычнасць і рэпрадуктыўную аўтаномію з адміністрацыйнымі правапарушэннямі, улады падсілкоўваюць прадузятасць і легітымуюць дыскрымінацыю”, — заявілі эксперты.

Нагадаўшы, што ў адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах “абмежаванні свабоды выказвання меркаванняў дапушчальныя толькі пры ўмове іх законнасці, неабходнасці і суразмернасці”, аўтары заявы адзначылі, што “падобныя абмежаванні неаднаразова прызнаваліся несумяшчальнымі з міжнародным правам правоў чалавека”.

Падкрэслена, што “прыняцце закона адбываецца на фоне паведамленняў пра пераслед, рэйды і запалохванне лесбіянак, геяў, бісексуалаў, трансгендарных ды іншых гендарна разнастайных людзей (ЛГБТ+)”.

“Гэтыя меры таксама могуць несувымерна закрануць жанчын і іх правы ў галіне сексуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя, якія з’яўляюцца неад’емнымі для іх аўтаноміі і годнасці і прадстаўляюць сабой неабходную ўмову для рэалізацыі імі ўсіх іншых правоў чалавека. Беларусь абавязаная паважаць, абараняць і забяспечваць правы жанчын і дзяўчынак на свабодны і інфармаваны выбар у пытаннях сексуальнасці і рэпрадукцыі, без гвалту, прымусу або стыгматызацыі, — адзначылі эксперты. — Закон можа аказаць стрымальнае ўздзеянне на жанчын, якія выступаюць за правы ў сферы сексуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя, а таксама на асоб, якія навучаюць такому здароўю, медыцынскіх работнікаў і грамадзянскую супольнасць. Асоб могуць пакараць толькі за выказванне сваёй ідэнтычнасці або распаўсюд інфармацыі, неабходнай для здароўя, годнасці і роўнасці”.

Дакумент таксама “выклікае занепакоенасць у дачыненні да доступу трансгендарных асоб да медыцынскіх прэпаратаў”. “Паводле звестак арганізацый грамадзянскай супольнасці, назіраецца рост зваротаў па псіхалагічную дапамогу і падтрымку ў выездзе з краіны, а таксама зафіксавана не менш за 12 выпадкаў гендарна-абумоўленага пераследу ад пачатку 2026 года”, — гаворыцца ў заяве.

Эксперты выказалі занепакоенасць тым, што дакумент уводзіць пакаранне за “незаконнае прадстаўніцтва” Беларусі на міжнародных мерапрыемствах, што можа быць скіравана супраць палітычных актывістаў і праваабаронцаў, у тым ліку тых, хто ўзаемадзейнічае з ААН і іншымі міжнароднымі і рэгіянальнымі механізмамі ў галіне правоў чалавека.

Такія захады “могуць кваліфікавацца як рэпрэсіўныя” і могуць прывесці да “парушэння свабоды выказвання меркаванняў, аб’яднання і права на ўдзел”, адзначылі яны.

“Беларусь мае прыпыніць увядзенне гэтага закона ў дзеянне, скасаваць дыскрымінацыйныя палажэнні і забяспечыць поўную адпаведнасць заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека”, — заявілі эксперты.

Заяву падпісалі спецдакладчыкі Нілс Муйжніекс (у пытанні пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі), Ірэн Хан (пра заахвочанне і абарону права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне), Ана Брыян Нугрэрэс (пра права на недатыкальнасць прыватнага жыцця), Мэры Лолар (пра становішча праваабаронцаў), Джына Рамэра (па правах на свабоду мірных сходаў і асацыяцыі), а таксама незалежны эксперт па пытаннях абароны ад гвалту і дыскрымінацыі паводле прыкметы сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці Грэм Рыд, старшыня, намеснік старшыні і тры члены працоўнай групы у пытанні дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын і дзяўчынак — Клаўдыя Флорэс, Івана Крсціч, Дораці Эстрада-Танк, Хайна Лу і Лаура Н’ірынкіндзі адпаведна.

Згодна з заканадаўчымі папраўкамі, за прызнаныя парушэннямі дзеянні для фізічных асоб прадугледжаны штраф — да 20 базавых велічынь (да 900 рублёў), індывідуальных прадпрымальнікаў — да 100 б.в. (да 4.500 рублёў), юрыдычных асоб — 100–150 б.в. (4.500–6.750 рублёў).

Пры гэтым “дзеянне, прадугледжанае часткай першага гэтага артыкула, якое пацягнула азнаямленне непаўналетняга з такой інфармацыяй”, пацягне накладанне штрафу ў памеры 20–30 б.в. (900–1.350 рублёў), грамадскія працы або адміністрацыйны арышт; для ІП — ад 100–150 б.в. штрафу, юрыдычных асоб — 150–200 б.в. (6.750–9.000 рублёў).

Падзяліцца: