Мінск 22:42

Еўрапарламент заклікаў прызнаць размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі пагрозай калектыўнай бяспецы

Ілюстрацыйнае фота: Michel Christen / EP

27 красавіка, Позірк. Стварыць незалежны радыелагічны рэгістр і прызнаць размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі пагрозай калектыўнай бяспецы заклікаў міжнародную супольнасць Еўрапейскі парламент (ЕП) у заяве да 40-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

ЕП канстатуе, што Беларусь прыняла на сябе асноўны ўдар Чарнобыльскай аварыі — амаль чвэрць беларускай тэрыторыі апынулася забруджаная.

У заяве падкрэсліваецца, што ўлады ў Мінску пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі “сістэматычна перамяншалі сапраўдныя маштабы катастрофы, абмяжоўвалі грамадскі доступ да медыцынскай статыстыкі і без належнага навуковага абгрунтавання пераводзілі забруджаныя тэрыторыі ў разрад “чыстых”, аднаўляючы на гэтых землях сельскагаспадарчую вытворчасць”.

Падобная практыка, на думку еўрадэпутатаў, стварае “сур’ёзныя рызыкі для здароўя цяперашняга і будучых пакаленняў”.

Заяўляецца, што бягучыя рызыкі, у тым ліку для грамадзян дзяржаў Еўрасаюза, звязаныя з Беларускай АЭС.

Еўрапарламент заклікаў Мінск забяспечыць поўную празрыстасць і незалежны маніторынг, спыніць выкарыстанне і засяленне забруджаных тэрыторый, аднавіўшы пры гэтым меры абароны для пацярпелага насельніцтва.

Міжнародная супольнасць павінна дзейнічаць рашуча, лічаць еўрадэпутаты. Падкрэсліваецца неабходнасць узмацніць адказнасць за ўтойванне радыяцыйных рызык, “асабліва ў кантэксце незаконнай агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны”.

Чарговы раз пра неабходнасць вяртання ў сельгасабарот чарнобыльскіх зямель Лукашэнка выказаўся, наведваючы 27 красавіка Нараўлянскі раён (Гомельская вобласць).

Яго прэс-служба паведаміла, што гаворка падчас рабочай паездкі зайшла аб павелічэнні пасяўных плошчаў за кошт вяртання ў сельгасабарот зямель, якія пацярпелі ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

26 красавіка 1986 года ў 1:23 здарылася найбуйнейшая ў гісторыі чалавецтва тэхнагенная катастрофа — аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Нягледзячы на тое, што атамная станцыя размешчана ва Украіне, больш за 70% усіх радыенуклідаў, якія выпалі ў выніку разбурэння рэактара, асела ў Беларусі.

Гл. таксама:

40 гадоў трагедыі. Як Лукашэнка “надаваў па мардасах” Чарнобылю

Ціханоўская: Чарнобыль паказаў, да чаго вядзе безадказнасць уладаў

У заяве з нагоды 40-годдзя Чарнобыльскай катастрофы АПК заклікаў вывезці з Беларусі расійскую ядзерную зброю

ЕС і Дзярждэп ЗША заявілі ў дзень 40-годдзя Чарнобыльскай аварыі пра важнасць ядзернай бяспекі

Падзяліцца: