Мінск 04:56

Рыхтуецца мемарандум па ўзаемадзеянні дэмсіл Беларусі з Украінай — Шаціліна

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 3 траўня 2026 года ў 14:27

Святлана Шаціліна
Фота: "Позірк"

1 траўня, Позірк. Ва ўкраінскім грамадстве адбываюцца павольныя зрухі ў стаўленні да беларусаў, беларускіх дэмакратычных сіл, заявіла “Позірку” кіраўніца Місіі дэмсіл Беларусі ў Кіеве Святлана Шаціліна 1 траўня ў Варшаве на палях V Канферэнцыі беларусаў свету.

“Мне падаецца, што Украіна як дзяржава ў гэтым сэнсе рухаецца хутчэй, — сказала яна. — І гэта зразумела, таму што на ўзроўні “чалавек — чалавек” няма такога прынцыповага непрымання ўкраінцамі беларусаў. Але на ўзроўні “супольнасць — супольнасць”, <…> на мой погляд, фестываль культуры беларускай [зараз] немагчымы ва Украіне. Гэта будзе магчыма тады, калі палітычная воля прэзідэнта [Уладзіміра] Зяленскага будзе ў тым, што Святлана Ціханоўская і прэзідэнт Зяленскі сустрэнуцца, напрыклад, у [яго цырыманіяльнай рэзідэнцыі ў] Марыінскім палацы”.

“Пасля гэтага будзе пройдзены шлях. Бо мы як палітычныя сілы падрыхтавалі ўжо план мемарандума — тое, што можа быць падпісана, і гатовыя прадставіць розным дзяржаўным структурам Украіны, што мы ўжо папярэдне робім, гэты мемарандум. Мэта яго — каб пасля таго, як візіт скончыцца, у нас былі рабочыя пляцоўкі, на якіх мы можам абгаворваць легалізацыйныя, эканамічныя, культурныя ды іншыя пытанні”, — дадала Шаціліна.

Дэталі зместу гэтага дакумента яна раскрываць не стала, апісаўшы толькі ў агульных рысах: “Гэта нашы прапановы, як мы бачым узаемадзеянне беларускага дэмакратычнага боку (пад якім я разумею як палітычныя, так і грамадзянскія структуры), што мы можам прапанаваць Украіне, чым мы адзін аднаму можам быць карыснымі”.

“Таму што я бачу карысць ад беларускіх дабраахвотнікаў, якія маглі б быць у прынцыпова іншай колькасці ва Украіне, калі б змяніліся ўмовы, на якіх яны ваююць; калі б яны маглі бы запрашаць свае сем’і; калі б яны маглі быць паўнавартаснымі ветэранамі пасля таго, як адслужаць. Можна разглядаць досвед Ізраіля, Францыі, Злучаных Штатаў у гэтым. Але гэты мемарандум будзе той дарожнай мапай, якая дапаможа нам рухацца ў пэўным кірунку”, — патлумачыла кіраўніца місіі.

На пытанне, калі можа адбыцца візіт Ціханоўскай ва Украіну, Шаціліна адказала: “Тады, калі ўкраінская ўлада будзе лічыць, што сама тут і зараз гэта патрэбна”. На удакладненне, з чым можа быць звязаная пэўная затрымка (меркавалася, што візіт, пра які ўпершыню пачалі адкрыта казаць у студзені, мог адбыцца і ў лютым, і ў сакавіку), яна нагадала, што Украіна — адзіная дзяржава ў Еўропе, супраць якой вядзецца поўнамаштабная вайна.

“І Украіна абірае тыя прыярытэты, якія тут і зараз ёсць максімальна важнымі. Я не магу адказаць вам на пытанне, калі [адбудзецца візіт]. Але пра тое, што я адчуваю, магу дакладна сказаць: так, працэс ідзе ў гэтым кірунку”, — падкрэсліла сураўмоўца.

Шаціліна спадзяецца, што для дзяржаўных органаў Украіны візіт Ціханоўскай стане выразным сігналам ад Офіса прэзідэнта краіны да таго, каб “працаваць з дэмакратычным беларускім рухам”. Гэта, на яе думку, паскорыць “легалізацыйныя, міграцыйныя, трудавыя, вайсковыя” працэсы ў рабочых групах, стане штуршком для “механізмаў, якія зараз знаходзяцца ў вельмі-вельмі павольным стане”.

Апрача таго, на думку Шацілінай, украінскае грамадства пабачыць палітычную волю сваёй дзяржавы, калі тая скажа, што “дэмакратычныя беларусы — гэта не рэжым Лукашэнкі”. “Яна (дзяржава. — “Позірк”.) гэта ўжо робіць, але гэта яшчэ адзін вельмі важны каменьчык, які будзе пакладзены на тое, каб украінскае грамадства пачало адрозніваць нас, дэмакратычных, вольных беларусаў, ад прыхільнікаў рэжыму Лукашэнкі”, — падкрэсліла кіраўніца місіі.

Візіт ва Украіну рыхтуецца, але маюцца лагістычныя складанасці — Ціханоўская

1 траўня, Позірк. У беларускіх дэмакратычных сіл "усё добра" на ўкраінскім кірунку ў плане двухбаковых стасункаў, заявіла журналістам Святлана Ціханоўская 1 траўня ў Варшаве на палях V Канферэнцыі беларусаў і беларусак свету. "Сітуацыя далёкая ад добрай у самой краіне, — …
Падзяліцца: