Мінск 22:23

Ціханоўская сустрэлася з прэм’ерам Славакіі Фіца — абмяркоўвалі супрацоўніцтва і падтрымку Украіны

Відэа: прэс-служба Святланы Ціханоўскай Стоп-кадр: “Позірк”

4 траўня, Позірк. Прэс-служба дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай паведаміла пра яе сустрэчу 4 траўня з прэм’ер-міністрам Славакіі Робертам Фіца.

Сустрэча прайшла на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці (ЕПС) у Ерэване.

Палітыкі, як паведамляецца, абмеркавалі “важнасць сумеснай еўрапейскай падтрымкі Беларусі і Украіны“, а таксама “магчымасці далейшага супрацоўніцтва паміж Славакіяй і дэмакратычнымі сіламі“.

Акрамя гэтага, было закранута “пытанне Беларусі ў кантэксце Украіны“, бо “прэм’ер-міністр Славакіі і Святлана Ціханоўская плануюць наведаць Кіеў з афіцыйнымі візітамі“.

“Сумесная еўрапейская падтрымка Беларусі і Украіны сёння асабліва важная. У агульных еўрапейскіх інтарэсах захоўваць адзінства, умацоўваць падтрымку і развіваць супрацоўніцтва. Дэмакратычная Беларусь гатовая быць надзейным партнёрам і саюзнікам у гэтых пытаннях”, — заявіла Ціханоўская.

Славакія раней была паслядоўным крытыкам рэжыму ў Мінску. Ціханоўская некалькі разоў наведвала гэтую краіну, сустракалася з папярэднім славацкім прэзідэнтам Зузанай Чапутавай (кадэнцыя завяршылася 15 чэрвеня 2024 года), членамі ўрада.

Аднак увосень 2023 года на парламенцкіх выбарах у Славакіі перамагла левацэнтрысцкая партыя “Напрамак — сацыяльная дэмакратыя” на чале з Фіца, які ў чацвёрты раз стаў прэм’ер-міністрам краіны (раней у 2006–2010, 2012–2016 і 2016–2018 гадах). За палітыкам замацаваўся імідж прарасійскага папуліста.

Пасля прыходу да ўлады Фіца Браціслава вярнула амбасадара ў Беларусь. Славакія і Венгрыя, урад якой раней узначальваў прарасійскі прэм’ер Віктар Орбан, з’яўляюцца адзінымі краінамі Еўрасаюза, прадстаўленымі ў Беларусі на ўзроўні амбасадараў. Астатнія дзяржавы ЕС пасля падзей 2020 года абмежавалі дыпламатычную прысутнасць да ўзроўню часовых павераных.

3 сакавіка гэтага года Аляксандр Лукашэнка прызначыў амбасадарам Беларусі ў Славакіі Ігара Фісенку.

Беларусь закрыла амбасаду ў Браціславе ўвосень 2023 года. Апошнім амбасадарам быў Ігар Ляшчэня, які падаў у адстаўку ў жніўні 2020-га. Тады дыпламат, былы памочнік Лукашэнкі, выступіў у падтрымку беларусаў, якія выйшлі на мірныя пратэсты пасля выбараў прэзідэнта.

Андрэй Дапкюнас, амбасадар Беларусі ў Аўстрыі і пастаянны прадстаўнік краіны пры АБСЕ і міжнародных арганізацыях у Вене, быў прызначаны амбасадарам у Славакіі па сумяшчальніцтве 21 кастрычніка 2024 года, уручыў даверчыя граматы прэзідэнту краіны 29 студзеня 2025 года.

Падзяліцца: