МЗС Украіны заклікаў увесці супраць Мінска новыя санкцыі ў адказ на распачатую трэніроўку прымянення ядзернай зброі

18 траўня, Позірк. “Беспрэцэдэнтным выклікам архітэктуры глабальнай бяспекі” назвала Міністэрства замежных спраў Украіны 18 траўня “размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі і супольныя ядзерныя вучэнні дзвюх дыктатур”.
“Сумесная адпрацоўка удараў наўпрост парушае фундаментальныя Артыкулы 1 і 2 Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі (ДНЯЗ), якія строга забараняюць ядзерным дзяржавам перадаваць кантроль над тэхналогіямі масавага паражэння, а неядзерным падпісантам — прымаць яго“, — гаворыцца ў заяве.
“Ператвараючы Беларусь у свой ядзерны плацдарм ля межаў НАТО, Крэмль дэ-факта легітымізуе распаўсюджванне ядзерных узбраенняў у свеце і стварае небяспечны прэцэдэнт для іншых аўтарытарных рэжымаў. Такія дзеянні павінны атрымаць адназначнае і жорсткае асуджэнне з боку ўсіх дзяржаў, якія паважаюць рэжым нераспаўсюджвання ядзернай зброі“, — заяўляе МЗС Украіны.
Адзначаецца, што мілітарызацыя Беларусі “не толькі падрывае давер да міжнароднага права, але і канчаткова ператварае Мінск у саўдзельніка расейскага ядзернага шантажу“.
У заяве падкрэсліваецца, што “нахабства Масквы і Мінска, якія свядома пераступілі ўсе “чырвоныя лініі“ ДНЯЗ, не можа заставацца без жорсткага кансалідаванага адказу і сістэмнага стрымлівання абодвух рэжымаў з боку еўраатлантычнай супольнасці і ўсяго свету”.
“Эфектыўны адказ на расійска-беларускае бразганне зброяй ля межаў НАТО павінен уключаць рэзкае ўзмацненне санкцыйнага ціску на Маскву і Мінск, істотнае павелічэнне падтрымкі Украіны, якая непасрэдна стрымлівае абодва рэжымы ад далейшай экспансіі ў Еўропе, нарошчванне прысутнасці саюзнікаў на ўсходнім флангу НАТО і паглыбленне ўзаемадзеяння ў сферы бяспекі з Украінай“, — падкрэсліваецца ў заяве.
Аб пачатку трэніроўкі воінскіх частак баявога прымянення ядзернай зброі і ядзернага забеспячэння паведаміла 18 траўня прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.
Заяўлена, што вучэнні праводзяцца ў “інтарэсах павышэння гатоўнасці Узброеных сіл да ўжывання сучасных сродкаў паражэння, у тым ліку спецыяльных боепрыпасаў”.
Кіруе манеўрамі начальнік Генеральнага штаба УС — першы намеснік міністра абароны Павел Муравейка.
У заяве адзначаецца, што ў рамках вучэнняў плануецца “удасканаліць узроўні падрыхтоўкі асабовага складу”, а таксама правесці “праверку ўзбраенняў, вайсковую і спецыяльную тэхніку да выканання задач і арганізацыю баявога прымянення з непланавых раёнаў”.
“Для правядзення мерапрыемства прыцягваюцца воінскія часці ракетных войскаў і авіяцыі. У ходзе трэніроўкі ва ўзаемадзеянні з расійскім бокам плануецца адпрацаваць пытанні дастаўкі ядзерных боепрыпасаў і падрыхтоўкі іх да ўжывання”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Галоўнай асаблівасцю трэніроўкі названая “праверка гатоўнасці да выканання задач баявога прымянення з непадрыхтаваных раёнаў на ўсёй тэрыторыі”.
“Асноўны ўпор будзе зроблены на адпрацоўку пытанняў ўтоенасці, перамяшчэння на значныя адлегласці, правядзення разлікаў для прымянення сіл і сродкаў. Трэніроўка з’яўляецца планавым мерапрыемствам падрыхтоўкі ў рамках Саюзнай дзяржавы, не накіраваная супраць трэціх краін і не нясе пагроз бяспецы ў рэгіёне”, — падкрэсліла беларускае Міністэрства.
15 траўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паводле вынікаў нарады з кіраўніцтвам структур сіл абароны напісаў у сваім тэлеграм-канале, што ўкраінская выведка фіксуе спробы “пераканаць [Лукашэнку] далучыцца да новых расійскіх агрэсіўных аперацый“. Яму, як сцвярджалася, стала вядома аб планах аперацый “па напрамках на поўдзень і на поўнач ад тэрыторыі Беларусі — альбо супраць Чарнігаўска-Кіеўскага кірунку ва Украіне, альбо супраць адной з краін НАТО“.
“Украіна валодае дэталямі размовы паміж Расіяй і Беларуссю. Украіна, безумоўна, будзе абараняць сябе і сваіх людзей, калі Аляксандр Лукашэнка памыліцца і вырашыць падтрымаць яшчэ і гэты расійскі намер. Даручыў нашым сілам абароны і бяспекі Украіны ўзмацніць адпаведны кірунак і прадставіць план нашага рэагавання“, — напісаў Зяленскі.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў, каментуючы 18 траўня згаданую заяву Зяленскага, паводле інфармацыі ТАСС, назваў яе “спробай падбухторвання для далейшага працягу вайны“.
Лукашэнка вядзе Беларусь да вялікай бяды — Ціханоўская аб распачатай у краіне трэніроўцы прымянення ядзернай зброі
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства, ЭканомікаАдмова ад барацьбы з інвазіўнымі раслінамі караецца, нагадала МінпрыродыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Эканоміка
- Эканоміка
- Бяспека, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені — красавіку ВУП павялічыўся на 0,2%, год таму быў рост на 2,8% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка



