Мінск 10:19

Галоўнакамандуючы УСУ: РФ “пралічвае і плануе“ наступ з Беларусі

Ілюстрацыйные фота: "Спутнік Беларусь"

19 траўня, Позірк. “Магчымая аперацыя” расійскіх войскаў па наступу з тэрыторыі Беларусі рэальная, заявіў галоўнакамандуючы Узброеных сіл Украіны Аляксандр Сырскі ў інтэрв’ю ютуб-каналу “Мілітарний“ (размешчана 19 траўня).

“Мы маем звесткі, што расійскі Генштаб цяпер актыўна пралічвае і плануе аперацыі наступальных дзеянняў з поўначы“, — сказаў Сырскі.

15 траўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля нарады з кіраўніцтвам структур сіл абароны паведаміў, што ўкраінская выведка фіксуе спробы “пераканаць [Лукашэнку] далучыцца да новых расейскіх агрэсіўных аперацый“, стала вядома аб планах аперацый “па кірунках на поўдзень і на поўнач ад тэрыторыі Беларусі — альбо супраць Чарнігаўска-Кіеўскага кірунку ва Украіне, альбо супраць адной з краін НАТО“.

“Украіна валодае дэталямі размовы паміж Расіяй і Беларуссю. Украіна, безумоўна, будзе абараняць сябе і сваіх людзей, калі Аляксандр Лукашэнка памыліцца і вырашыць падтрымаць яшчэ і гэты расійскі намер. Даручыў нашым сілам абароны і бяспекі Украіны ўзмацніць адпаведны кірунак і прадставіць план нашага рэагавання“, — заявіў Зяленскі.

Міністэрства абароны Беларусі 18 траўня паведаміла пра пачатак трэніроўкі вайсковых частак баявога ўжывання ядзернай зброі і ядзернага забесьпячэння. Было заяўлена, што вучэнні праводзяцца ў “інтарэсах павышэння гатоўнасці Узброеных сіл да ўжывання сучасных сродкаў паражэння, у тым ліку спецыяльных боепрыпасаў“.

19 траўня Мінабароны РФ абвясціла пра пачатак трохдзённых вучэнняў, у рамках якіх сярод іншага будуць адпрацоўвацца “пытанні сумеснай падрыхтоўкі і прымянення ядзернай зброі, размешчанай на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь“.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. Напад пачаўся ў тым ліку з беларускай тэрыторыі.

Падзяліцца: