Мінск 21:49

Зяленскі: Ёсць магчымасць прэвентыўна працаваць у дачыненні да фактычнага кіраўніцтва Беларусі пры пагрозе агрэсіўных дзеянняў супраць Украіны

Уладзімір Зяленскі ў Славуцічы 21 траўня 2026 года
Відэазапіс: Zelenskiy / Official / стоп-кадр: "Позірк"

21 траўня, Позірк. “У нас ёсць магчымасці ўзмацнення, ёсць магчымасць прэвентыўна працаваць і ў дачыненні да расійскіх тэрыторый, адкуль можа быць пагроза, і ў дачыненні да фактычнага кіраўніцтва Беларусі, якое павінна быць у тонусе, г.зн. адчуваць рэальна, што наступствы будуць, калі будуць агрэсіўныя дзеянні супраць Украіны, супраць нашых людзей“. Такую заяву зрабіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 21 траўня ў Славуцічы, наведваючы Кіеўскую і Чарнігаўскую вобласці, якія мяжуюць з Беларуссю.

“Мы памятаем, што ў 22-м годзе наступ быў тэрыторыі Беларусі таксама, мы не забудзем гэта. Украінскія сілы абароны, сілы бяспекі, нашы выведкі ведаюць, якія пагрозы і як адказваць. Адказваць справядліва, безумоўна”, — падкрэсліў Зяленскі.

На ягоную думку, Расія “вельмі хоча” ўцягнуць Беларусь у гэтую вайну яшчэ больш.

Як паведаміў прэзідэнт, ён размаўляў з кіраўнікамі абшчын у абедзвюх абласцях. “Вельмі важна падтрымліваць нашых людзей тут, умацаваць абарону. Менавіта гэтым і займаемся. Гэта датычыцца і ахоўных збудаванняў, фартыфікацый і іншага. Умацаванне мяжы будзе дадатковае”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Зяленскі адзначыў, што атрымаў “шмат пытанняў ад абшчын, якія мяжуюць з Беларуссю“. “Вядома, трэба вельмі моцна ўмацоўваць супрацьпаветраную абарону. Менавіта так, як сказалі людзі. Міністр абароны Украіны [Міхаіл Фёдараў] ведае гэты прыярытэт, павінна быць размеркаванне неабходнага абсталявання. Яно будзе, ёсць такая магчымасць. Чакаю справаздачы аб выніках. Фінансаванне ўсіх нашых абарончых мерапрыемстваў на чарнігаўска-кіеўскім кірунку таксама ёсць”, — заявіў украінскі лідар.

Гаворачы аб новых ударах па расійскіх тылах, ён адзначыў: “Кожная наша “дальнабойная санкцыя“ — гэта аргумент, каб сёй-той не думаў яшчэ ўцягвацца ў вайну“.

Раніцай 21 траўня Служба бяспекі Украіны паведаміла, што сумесна з іншымі падраздзяленнямі Сіл абароны рэалізуе комплекс узмоцненых захадаў бяспекі ў паўночных абласцях у мэтах выканання пастановы Зяленскага.

Меры, як было заяўлена, “з’яўляюцца беспрэцэдэнтнымі па колькасці прыцягнення сіл і сродкаў на тэрыторыях, якія мяжуюць з Расіяй і Беларуссю, і будуць дзейсным стрымліваючым фактарам для любых агрэсіўных дзеянняў або аперацый ворага і яго саюзніка”.

20 траўня на пасяджэнні вайсковай стаўкі было падрабязна абмеркавана, “што цяпер адбываецца на кірунку Беларусь — Бранская вобласць“, паведаміў Зяленскі ў звароце да суграмадзян пасля мерапрыемства.

Паводле яго сцвярджэння, “менавіта адтуль расіяне разглядаюць сцэнары дадатковых нападаў на Украіну — супраць паўночных рэгіёнаў, <…> чарнігаўска-кіеўскага кірунку”.

Украінскі прэзідэнт дадаў, што робяцца прэвентыўныя крокі “як у дачыненні да Беларусі, так і ў дачыненні да асобных частак Расіі, адкуль зыходзіць пагроза“.

На пасяджэнні стаўкі Зяленскі даручыў МЗС “падрыхтаваць дадатковыя мерапрыемствы ў дыпламатычным уплыве ў дачыненні да Беларусі“, якую Крэмль “можа выкарыстоўваць для пашырэння вайны”.

21 траўня Аляксандр Лукашэнка наведаў Асіповіцкі раён Магілёўскай вобласці, дзе дыслакуецца ракетная брыгада Узброеных сіл Беларусі, якая ўдзельнічае ў сумесных з Расіяй манеўрах з выкарыстаннем ядзерных сіл.

“Калі і будзем мы ўцягнутыя ў вайну, у тым ліку калі гэта будзе супраць Украіны, толькі ў адным выпадку — калі яны здзейсняць супраць нас агрэсію. Мы ўцягвацца ў вайну ва Украіне не збіраемся. У гэтым няма ніякай неабходнасці. Ні грамадзянскай, ні ваеннай“, — сказаў Лукашэнка. Ён прапанаваў Зяленскаму сустрэцца і зноў назваў яго Валодзем.

Па відэасувязі ў манеўрах бралі ўдзел прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і расійскія генералы.

Падзяліцца: