Мінск 18:54

Беларускія фехтавальшчыкі дапушчаныя да міжнародных спаборніцтваў з дзяржсімволікай

Фота: МАК

2 чэрвеня, Позірк. Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE) дазволіла спартсменам з грамадзянствам Беларусі і РФ удзельнічаць у спаборніцтвах пад сваёй эгідай з дзяржаўнай сімволікай.

Арганізацыя паведаміла, што дазволена будзе выкарыстанне нацыянальных абрэвіятур, сцягоў і гімнаў. Абмежаванні здымаюцца, пачынаючы з чэмпіянату свету, які пройдзе ў Ганконгу 22–30 ліпеня 2026 года.

Заяўляецца, што прынятае рашэнне “адлюстроўвае прыхільнасць FIE асноватворным прынцыпам Алімпійскай хартыі, уключаючы недыскрымінацыю, роўнае абыходжанне і ўніверсальнасць спорту, а таксама мэтам і прынцыпам, выкладзеным у Статуце FIE”.

7 траўня выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) заявіў, што “больш не рэкамендуе якія-небудзь абмежаванні на ўдзел беларускіх спартсменаў, уключаючы каманды, у спаборніцтвах, якія праводзяцца міжнароднымі федэрацыямі і арганізатарамі міжнародных спартыўных мерапрыемстваў“.

Адзначалася, што МАК “адмяніў рэкамендаваныя ўмовы ўдзелу для міжнародных федэрацый і арганізатараў міжнародных спартыўных мерапрыемстваў ад 28 лютага 2022 года і 28 сакавіка 2023 года ў той частцы, якая тычыцца Беларусі і беларускіх спартсменаў“.

Пасля гэтага аб допуску беларускіх спартсменаў на свае спаборніцтвы на роўных умовах з прадстаўнікамі іншых краін заявілі аб’яднанні па каратэ, гімнастыцы, спартыўных танцах, більярдзе, водных лыжах, боксе, тайскім боксе, сучасным пяцібор’і і валейболе, а таксама Міжнародная федэрацыя студэнцкага спорту, пад эгідай якой у 2027 годзе адбудуцца летняя і зімовая ўніверсіяды.

Захаваныя абмежаванні ў дачыненні да беларускіх лёгкаатлетаў, тэнісістаў і іншых спартсменаў, а зборныя па футболе і футбольныя клубы па-ранейшаму праводзяць “хатнія“ міжнародныя афіцыйныя гульні на нейтральных палях.

28 лютага 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны, МАК заклікаў міжнародныя спартыўныя федэрацыі не дапускаць да спаборніцтваў атлетаў з РФ і Беларусі. Гэтая рэкамендацыя была неадкладна і масава прынятая да выканання, у выніку чаго расійскі і беларускі спорт аказаўся амаль у поўнай ізаляцыі.

28 сакавіка 2023 года МАК выпусціў заяву, у якой рэкамендаваў міжнародным федэрацыям па відах спорту дазволіць беларусам і расіянам удзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах у якасці індывідуальных нейтральныхспартсменаў, без адпаведнай дзяржаўнай сімволікі.

7 траўня 2025 года стала вядома, што Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE) дазволіла спартсменам з Беларусі і Расіі ўдзельнічаць у камандных спаборніцтвах пад сваёй эгідай у нейтральным статусе.

Падзяліцца: