Мінск 23:12

МЗС Ізраіля выклікаў амбасадара Беларусі ў сувязі з “агіднай рыторыкай” Лукашэнкі ў інтэрв’ю тэлеканалу Al Arabiya

Фота: Levi Meir Clancy / unsplash.com

17 чэрвеня, Позірк. Міністэрства замежных спраў Ізраілю выклікала амбасадара Беларусі Юрыя Ярашэвіча ў сувязі з заявамі Аляксандра Лукашэнкі ў інтэрвію тэлеканалу Al Arabiya, паведаміў 17 чэрвеня партал i24news.tv.

Дыпламат выкліканы ў ведамства “для тэрміновага выказвання” пратэсту, рашэнне аб гэтым па даручэнні міністра замежных спраў Гідэона Саара прыняў генеральны дырэктар МЗС Эдэн Бар Таль.

Паводле паведамлення міністэрства, на якое спасылаюцца ізраільскія СМІ, Бар Таль заявіў, што Ізраіль “рашуча адхіляе” выказванні Лукашэнкі, які ў інтэрв’ю параўнаў “жахі Халакосту” са “справядлівай вайной Ізраіля супраць джыхадзісцкага тэрарызму”.

Ізраіль, паводле слоў гендырэктара МЗС, таксама “рашуча асуджае агідныя антысеміцкія канспіралагічныя тэорыі аб “габрэйскім лобі”. Адпаведныя заявы Лукашэнка ён назваў “агіднай рыторыкай, якая павінна быць выгнаная з нашага свету”.

16 чэрвеня Міністэрства замежных спраў Ізраіля заявіла, што выказванні Лукашэнкі ў інтэрв’ю Al Arabiya “непрымальныя і глыбока трывожаць”.

У знешнепалітычным ведамстве адзначылі, што Беларусь — краіна, якая “занадта добра ведае жахі Халакосту, здзейсненага на яе ўласнай зямлі”.

“Любое параўнанне Халакосту яўрэйскага народа са справядлівай вайной Ізраіля супраць тэрарызму павінна быць безумоўна адпрэчана”, — гаварылася ў заяве ведамства.

Падкрэслівалася, што ў інтэрв’ю Лукашэнкі “ў роўнай ступені выклікае жах і адраджэнне подлых, састарэлых антысеміцкіх тэорый змовы, якія даўно павінны былі сысці ў мінулае”.

У згаданым інтэрв’ю, апублікаваным напярэдадні, Лукашэнка сярод іншага заявіў пра залежнасць Ізраіля ад ЗША і адзначыў, што любая вайна можа мець “непрадказальныя наступствы”.

“Таму тут трэба Ізраілю быць акуратней, асцярожней. Яны ўжо і так у сусветнай супольнасці атрымалі такі рэйтынг, што далей няма куды, разбамбіўшы Газу. Нават у гісторыю многія паглядзелі: “Які Халакост?! Які можа быць Халакост, пра які ізраільцяне казалі, калі яны забілі столькі людзей, і перш за ўсё жанчын і дзяцей? Там наогул усё сцерлі з твару зямлі. Нейкі курорт збіраюцца на касцях людзей пабудаваць. Гэта ж глупства поўнае”, — сказаў ён.

Лукашэнка адзначыў, што Ізраілю “трэба ўзяць <…> галаву ў рукі і падумаць аб сваім далейшым існаванні, у адваротным выпадку ім не дапаможа і ядзерная зброя”.

Таксама ён назваў уступленне ЗША ў канфлікт з Іранам “фатальнай памылкай” і заявіў, што “гэтага нельга было рабіць”. Палітык падкрэсліў: “Ізраіль уцягнуў Амерыку ў гэтую вайну — гэта факт”.

Паводле слоў Лукашэнкі, ЗША былі справакаваныя Ізраілем: “Ізраільскае, яўрэйскае лобі ў ЗША вельмі магутнае. Гэта мы прызнаём. Багатыя, магутныя людзі — яны ўплываюць”. Пры гэтым, дадаў ён, “было б смешна і няправільна” заяўляць, быццам “ледзь прыкметны на палітычнай карце свету Ізраіль мог уцягнуць у вайну такога “слана” і магутную дзяржаву, як ЗША”. “Амерыканцы, скажам так, хацелі быць уцягнутымі ў гэтую вайну”, — падкрэсліў палітык.

Лукашэнка, віншуючы прэзідэнта Ізраіля Іцхака Герцага з Днём Незалежнасці (паводле яўрэйскага календара — 5 іяра; у 2026 годзе — з вечара 21 красавіка да вечара 22 красавіка), адзначаў, што беларусы “добра ведаюць, што такое вайна”, таму “паслядоўна выступаюць за мірнае ўрэгуляванне канфліктаў”.

“Менавіта на беларускай зямлі дзейнічалі вядомыя духоўныя цэнтры — іешывы, — гаварылася ў віншаванні. — Выхадцы з нашага краю стаялі ля вытокаў Дзяржавы Ізраіль. Усё гэта збліжае абодва народы, якія прайшлі праз агульныя цяжкія выпрабаванні Другой сусветнай вайны і трагедыю Халакоста”.

Лукашэнка таксама адзначаў, што “агульная гістарычная спадчына і цесныя чалавечыя сувязі будуць і надалей служыць асновай канструктыўнага дыялогу паміж Беларуссю і Ізраілем”.

28 лютага Ізраіль і ЗША пасля правалу перамоваў па ядзернай праграме Тэгерана пачалі ваенныя аперацыі супраць рэжыму аятол у Іране. У выніку быў забіты вярхоўны лідар Ірана Алі Хаменеі, а таксама іншыя прадстаўнікі палітычнага і ваеннага кіраўніцтва Ірана.

Тэгеран наносіў удары ў адказ. Іранскім нападам падвяргаўся не толькі Ізраіль, але і іншыя краіны Блізкага Усходу.

Лукашэнка і раней дазваляў сабе антысеміцкія выказванні.

Падзяліцца: