Мінск 00:48

Ксёндз Барок: Сучасная Беларусь перажывае тое, што можна назваць двума страшнымі словамі — чалавекамор і беларусамор

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 9 верасня 2026 года ў 11:40

Фота: Вераніка Л. адмыслова для "Позірку"

8 верасня, Позірк. “Сучасная Беларусь перажывае тое, што можна назваць двума страшнымі словамі: чалавекамор і беларусамор”, — заявіў ксёндз Вячаслаў Барок у Варшаве на акцыі, якую арганізаваў 8 верасня рух салідарнасці “Разам” з нагоды Дня беларускай вайсковай славы, які адзначаюць дэмакратычныя сілы ў гадавіну бітвы пад Оршай.

“Чалавекамор — бо ў Беларусі знішчаецца чалавечая годнасць, чалавека прымушаюць баяцца, маўчаць, хлусіць, адмаўляцца ад сумлення. Беларусамор — бо разам з чалавекам спрабуюць вынішчыць таксама Беларусь. Выціскаюць нашу мову, пераследуюць нашу культуру, перапісваюць нашу гісторыю, прымушаюць забыцца, хто мы і адкуль”, — сказаў Барок.

На яго перакананне, гэта “не проста рэпрэсіі”, а “спроба выпаліць самую сутнасць беларускасці”.

“І тут гісторыя Оршы вучыць нас галоўнаму: нават калі вораг здаецца непераможным, нават калі сілы няроўныя, нават калі здаецца, што ўсё страчана, дух свабоды нельга знішчыць, пакуль сам чалавек ад яго не адмовіўся”, — упэўнены святар.

Таму ён лічыць важным “захаваць у сябе чалавека, застацца беларусам, не дазволіць страху перамагчы ў сумленні, не дазволіць прапагандзе адабраць нашу памяць, насуперак усяму застацца сабой”.

“Выстаяць значыць перамагчы”, — падкрэсліў Барок. Ён нагадаў, што “побач з намі” Украіна “плаціць крывёю за сваё права быць свабоднай і незалежнай”. “Украінцы абараняюць тое ж самае, што нашыя продкі абаранялі 500 гадоў таму пад Оршай: права народа самому вырашаць свой лёс. А разам з украінцамі сёння змагаюцца і беларусы. Некаторыя з іх ужо ніколі не вернуцца дадому, таму што там, на тэрыторыі Украіны, яны аддалі сваё жыццё”, — канстатаваў ксёндз.

На яго думаку, бітва пад Оршай — гэта не толькі мінулае, але і “пытанне да нас, гэта выклік для кожнага з нас”. “Ці здольныя мы, народ, які жыве на тэрыторыі Беларусі, быць гаспадарамі на сваёй зямлі? Нашыя продкі ў свой час адказалі сваёй воляй і зброяй. Яны сказалі: гэта наша зямля, гэта наша дзяржава, і мы будзем яе бараніць. Прайшло больш за пяць стагоддзяў, але гэтае пытанне ўсцяж ёсць актуальным, яно стаіць сёння перад беларусамі: ці мы здольныя ў сённяшні час выстаяць?” — адзначыў Барок.

Ён “з прыкрасцю” заявіў, што “Беларусь не свабодная, Беларусь акупаваная”. “Я разумею, што не ўсе пагаджаюцца з такой тэрміналогіяй, але, пакуль беларусы не могуць выбіраць уладу, пакуль яе вызначаюць у Маскве, нават кандыдатаў, пакуль з тэрыторыі Беларусі бесперашкодна чыняцца агрэсіўныя дзеянні супраць іншых краін, пакуль беларусам у Беларусі няма магчымасці жыць і яны вымушаныя тысячамі, сотнямі тысяч выязджаць са сваёй краіны, я буду казаць, што Беларусь акупаваная”, — падкрэсліў прамоўца.

Бітва пад Оршай 8 верасня 1514 года — бітва падчас Літоўска-маскоўскай вайны (1512–1522 гады) паміж войскамі Вялікага княства Літоўскага з польскімі харугвамі супраць Маскоўскай дзяржавы, у якой першыя перамаглі, нягледзячы на значную перавагу ворага ў колькасці.

Вячаслаў Барок — былы пробашч парафіі святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах (Віцебская вобласць), блогер. У снежні 2020 года быў арыштаваны на 10 сутак паводле абвінавачання ў дэманстрацыі нацысцкай сімволікі, за якую ўлады палічылі апублікаваную ім антыфашысцкую карыкатуру. У 2021 годзе пакінуў Беларусь з-за пераследу.

Падзяліцца: