Мінск 11:16

Мінабароны Беларусі абвясціла пра чатырохдзённыя вучэнні на мяжы з Літвой і Польшчай

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Міністэрства абароны

15 верасня, Позірк. Камандна-штабныя вучэнні (КШВ) з Заходнім аператыўным камандаваннем праходзяць 15–18 верасня пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл — першага намесніка міністра абароны Паўла Муравейкі, паведамляе ваеннае ведамства.

З паведамлення вынікае, што “практычныя дзеянні войскаў аператыўнага аб’яднання” будуць адпрацаваныя на Гожскім палігоне ў Гродзенскай вобласці (наўпрост ля мяжы з Літвой), а таксама на Брэсцкім і Ружанскім палігонах Брэсцкай вобласці (каля 15 і каля 60 км ад мяжы з Польшчай адпаведна).

Заяўлена, што “колькасць удзельнікаў вучэння, а таксама колькасць асноўных сістэм узбраення не перавышаюць параметры, вызначаныя Венскім дакументам 2011 года і якія трапляюць пад паведамленне”.

Паводле інфармацыі Мінабароны, тэма вучэнняў — “Кіраванне войскамі аператыўнага камандавання падчас стратэгічнай аперацыі УС”. Іх галоўная мэта заключаецца ў навучанні органаў кіравання, злучэнняў і вайсковых часцей аператыўнага камандавання “сумеснаму вырашэнню задач падчас падрыхтоўкі і вядзення стратэгічнай аперацыі УС”.

“У інтарэсах якаснай адпрацоўкі комплексу практычных мерапрыемстваў і дзеянняў войскаў створаная навучальная абстаноўка з улікам аналізу досведу сучасных ваенных канфліктаў і тэндэнцый развіцця ўзброенай барацьбы, — гаворыцца ў паведамленні. — Падчас КШВ будуць адпрацаваныя пытанні кіравання групоўкай войскаў (сіл) падчас прыкрыцця дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, забеспячэння ваеннага становішча, у тым ліку пошук, блакаванне і знішчэнне дыверсійна-выведніцкіх груп праціўніка і незаконных узброеных фарміраванняў, а таксама вядзенне барацьбы з лёгкаматорнай авіяцыяй і беспілотнымі лятучымі апаратамі праціўніка”.

“Таксама прадугледжваецца адпрацоўка пытанняў выкарыстання БАК (беспілотных авіяцыйных комплексаў. — “Позірк”.), маскавання, забеспячэння жывучасці, аднаўлення баяздольнасці і ўсебаковага забеспячэння дзеянняў войскаў (сіл). <…> Да вучэння прыцягваюцца ўпраўленне аб’яднання з падраздзяленнямі забеспячэння, аховы і абслугоўвання, па адным механізаваным (танкавым) батальёне са сродкамі ўзмацнення ад механізаваных брыгад, а таксама ўпраўленні вайсковых часцей, якія ўваходзяць у склад аператыўнага камандавання”, — дадало ведамства.

Мінабароны заявіла, што вучэнні праводзяцца ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі Узброеных сіл у 2025/2026 навучальным годзе, з’яўляюцца адным з галоўных мерапрыемстваў падрыхтоўкі войскаў аб’яднання. Пры гэтым яны, як сцвярджаецца, “носяць выключна абарончы характар і скіраваныя ў тым ліку на падвышэнне здольнасці войскаў абараніць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць дзяржавы”.

Вучэнні праводзяцца на фоне маштабнай праверкі баявой гатоўнасці сілавых структур Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка 11 верасня наведаў Абуз-Лясноўскі агульнавайсковы палігон (Баранавіцкі раён Брэсцкай вобласці), дзе знаёміўся з развіццём і практычным выкарыстаннем у войсках сістэм сувязі. Размаўляючы з прадстаўнікамі СМІ, ён сярод іншага адказаў на пытанне, “ці стаіць задача праверыць увесь сілавы блок”.

“Я ўжо казаў па-народнаму: армію трэба страсянуць, надышоў час. Усю армію. Усіх праверым. Аж да мабілізацыі, — папярэдзіў палітык. — Таму ўсе Узброеныя сілы будуць правераныя. Мы сёння рэвізуем войскі сувязі, артылерыю, учора — мотастралковыя падраздзяленні. Праверылі ўнутраныя войскі МУС. Мы іх правяраем паводле прызначэння. Асаблівасць у тым, што без усякай паказухі. Я гэтага не пераношу. Паказуха — гэта хлусня. [Паказуха —] гэта значыць, што мы загубім людзей у баявой абстаноўцы. Як ёсць, так ёсць. Усё мае быць, як у баі. Так трэба рыхтаваць нашы войскі. Гэта ўрокі спецыяльнай ваеннай аперацыі (так расійскія, а ўслед за імі беларускія ўлады называюць вайну, развязаную РФ супраць Украіны. — Позірк.). Таму страсянём усе Узброеныя сілы”.

“Робім усё, як будзе на вайне. <…> Рыхтуемся да вайны, каб яе не было”, — заявіў Лукашэнка.

Падзяліцца: