Транзіт беларускага калію праз парты Балтыі немагчымы нават пасля змены ўласніка — аналіз НАУ

28 верасня, Позірк. Змена юрысдыкцыі пакупніка (напрыклад, здзелка з амерыканскай кампаніяй) або маніпуляцыя гандлёвымі ўмовамі не дазволяць законна аднавіць транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз парты краін Балтыі ў трэція краіны. Гэта вынікае з юрыдычнага аналізу санкцыйнага заканадаўства і судовай практыкі Еўрасаюза, які падрыхтавала Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.
У прыватнасці, сцвярджаецца, што “ў санкцыйным праве ЕС паняцце transfer азначае менавіта фізічную транспарціроўку, правоз або транзіт тавараў праз мяжу альбо па тэрыторыі ЕС пад любой мытнай працэдурай (уключаючы знешні транзіт)”.
Як адзначае НАУ, у афіцыйных тлумачэннях Еўрапейскай камісіі падкрэсліваецца, што забарона на transfer “дзейнічае незалежна ад канчатковага пункта прызначэння тавараў”. Забарона будзе парушаная “нават пры перавозцы паміж трэцімі краінамі, калі ў лагістычным ланцужку хоць і ўскосна задзейнічаны аператар з ЕС (банк, страхоўшчык, суднаўладальнік, экспедытар)”.
На думку юрыстаў НАУ, прызнанне калійных угнаенняў крытычным таварам для сусветнай харчовай бяспекі “стварае для рэжыму [Аляксандра] Лукашэнкі выключна палітыка-дыпламатычны аргумент (для ціску ў ААН, СГА і краінах Глабальнага Поўдня з мэтай дамагчыся ўвядзення аналагічнай агаворкі), але не прававую шчыліну прамога дзеяння”.
НАУ нагадвае, што Генеральны суд ЕС адхіліў пазовы “Беларуськалія” і Беларускай калійнай кампаніі. “Суд пастанавіў, што забарона на транзіт (transfer) праз тэрыторыю ЕС (уключаючы чыгункі і порт Клайпеды) з’яўляецца правамернай мерай знешняй палітыкі. Нормы ГАТТ/СГА аб свабодзе транзіту не перашкаджаюць абмежаванням, так як падпадаюць пад агульнае выключэнне па меркаваннях нацыянальнай і міжнароднай бяспекі”, — адзначаецца ў аналізе.
Таксама, на думку экспертаў, спроба абысці забарону шляхам продажу тавару на тэрыторыі Беларусі на ўмовах Ex Works, калі замежны пакупнік заяўляе аб вывазе ўласнай маёмасці, “юрыдычна нікчэмная”.
“Згодна з правіламі вызначэння непраферанцыйнага паходжання, калій застаецца таварам беларускага паходжання незалежна ад змены ўласніка. Больш за тое, фармулёўкі Рэгламенту № 765/2006 (“прадукцыя з Беларусі, незалежна ад таго, ці паходзіць яна з Беларусі”) забараняюць увоз і перамяшчэнне калію па самім факце яго адгрузкі з РБ”, — тлумачаць юрысты.
У аналізе таксама адзначаецца, што рэгламенты ЕС “прама забараняюць аператарам з дзяржаў-членаў (чыгунках, партовым тэрміналам, экспедытарам, страхоўшчыкам) аказваць любыя транспартныя, перавалачныя або фінансавыя паслугі ў дачыненні да падсанкцыйных тавараў”.
Гэта азначае, што прыём вагонаў Літоўскай чыгункай (LTG) або апрацоўка грузу ў порце Клайпеды “цягне адміністрацыйную і крымінальную адказнасць для еўрапейскіх аператараў”.
Юрысты падкрэсліваюць, што штучнае змяненне ўмоў пастаўкі з мэтай стварэння фармальнай шчыліны будзе кваліфікавацца мытнымі і судовымі органамі ЕС як “наўмысная схема абыходу санкцый”.
Акрамя таго, рэгламенты Савета ЕС з’яўляюцца актамі прамога дзеяння і абавязковыя да выканання ўсімі 27 дзяржавамі-членамі.
“Аднаўленне транзіту беларускага калію праз парты краін Балтыі за кошт змены ўласнікаў або інтэрпрэтацыі камерцыйных тэрмінаў юрыдычна немагчымае. Разблакіроўка гэтага калідора здзяйсняльная выключна пры наяўнасці прамога палітычнага кансенсусу краін ЕС, выяўленага ў афіцыйным унясенні змяненняў у рэгламент Савета (ЕС) № 765/2006 або увядзенні спецыяльнай дэрагацыі”, — рэзюмуецца ў аналізе.
Пра адсутнасць канкрэтыкі па пастаўках беларускіх калійных угнаенняў у ЗША заявіў спецпрадстаўнік прэзідэнта краіны па Беларусі Джон Коўл у інтэрв’ю расійскаму тэлеканалу “Дождж“.
“Мы абмяркоўваем пытанне калійных угнаенняў, думаем, што з гэтым можна зрабіць, <…> пакуль нічога канкрэтнага няма. Але перамовы рухаюцца ў правільным кірунку”, — сказаў ён.
Як раней паведаміў дарадца прэзідэнта Літвы ў нацыянальнай бяспецы Дэйвідас Матулёніс, краіны Балтыі не ідуць на саступкі ЗША ў пытанні транзіту праз сваю тэрыторыю беларускіх калійных угнаенняў.
Ніводная дзяржава ЕС “не можа быць часткай пагаднення аб імпарце беларускіх угнаенняў, якое ўзгадняецца ЗША“, заявіў 22 верасня міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.
15 снежня 2025 года, пасля вызвалення групы палітвязняў, ЗША знялі санкцыі з “Беларуськалія“ і Беларускай калійнай кампаніі.
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ПалітыкаЦіханоўская выступіць у Бруселі на Форуме парламенцкай дэмакратыі ЕСМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаКолькасць вакансій для замежных работнікаў перавысіла ў Беларусі 16 тыс. (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ЭканомікаСумарная запазычанасць арганізацый з пачатку года павялічылася на 3% — да 274 млрд рублёўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка



