Мінск 14:01

Памежная служба Латвіі прапануе закрыць пункт пропуску Сілене на мяжы з Беларуссю

12 верасня, Позірк. Закрыць пункт пропуску Сілене (з беларускага боку — Урбаны) праз наплыў нелегальных мігрантаў мае намер прапанаваць Кабінету міністраў Латвіі начальнік Дзяржаўнай памежнай аховы гэтай краіны Гунтыс Пуятс, паведамляе LR1.

Паводле слоў чыноўніка, на мінулым тыдні сітуацыя была, “напэўна, самай напружанай за ўсе тры гады пачынаючы з 2021-га”. За той тыдзень, сказаў ён, прадухілена незаконнае пранікненне ў Латвію 892 чалавек.

Згодна з распрацаванымі інструкцыямі, нагадаў Пуятс, калі сітуацыя з нелегальнай міграцыяй на беларуска-латвійскай мяжы не палепшыцца, “наступным крокам стане поўнае закрыццё мяжы з Беларуссю”.

Паводле даных Дзяржпагранкамітэта Беларусі, на мяжы з Латвіяй функцыянуюць два пункты пропуску — Грыгароўшчына (Патэрніекі) і Урбаны (Сілене), праз кожны з якіх за суткі можа праехаць 300 легкавых і 200 грузавых аўто.

10 верасня зафіксавана рэкордная для Латвіі колькасць спробаў нелегальнага перасячэння мяжы з беларускай тэрыторыі — 256. На наступны дзень іх было значна менш — 103, што ўсё адно нетыпова для ўчастка знешняй мяжы Еўрасаюза, на якім колькасць падобных выпадкаў раней рэдка перавышала некалькі дзясяткаў за суткі. Акрамя таго, на фоне рэзкага павелічэння спробаў нелегалаў перасекчы мяжу Латвіі з боку Беларусі, таксама рэзка знізіўся міграцыйны ціск на Літву і Польшчу.

У сувязі з сітуацыяй на беларуска-латвійскай мяжы Вільнюс адправіў 20 памежнікаў на дапамогу Рызе. Латвійская памежная служба таксама мае намер звярнуцца па дапамогу да нацыянальнай арміі.

Ад пачатку верасня Латвія прадухіліла 1.124 спробы нелегальнага пранікнення з беларускай тэрыторыі, ад пачатку года — 7.978. Усяго ў 2023-м дзяржавы Еўрасаюза спынілі 30.260 спробаў замежнікаў парушыць мяжу з боку Беларусі.

28 жніўня міністры ўнутраных спраў Польшчы і краін Балтыі вызначылі масавы прарыў нелегальных мігрантаў адной з падстаў для поўнага закрыцця мяжы ЕС з Беларуссю.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС пачаўся ўвесну 2021 года.

Падзяліцца: