be
Arrow
Мінск 05:45

Галоўчанка: Расія дала Беларусі рэжым супермаксімальнай спрыяльнасці, будзем адвязвацца ад долара

15 сакавіка, BPN. “Рэспубліцы Беларусь з сённяшняга дня дадзены рэжым не проста максімальнага спрыяння, а супермаксімальнага спрыяння”, — заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка са спасылкай на словы кіраўніка расійскага кабінета Міхаіла Мішусціна. Перагаворы кіраўнікоў урадаў дзвюх краін прайшлі 14 сакавіка ў Маскве.

“Нават нейкія пытанні, якія заставаліся там, адміністрацыйныя абмежаванні, нарматыўныя на пастаўку беларускай прадукцыі будуць ліквідаваны”, — сказаў Галоўчанка.

“Гэта патрабаванне часу, і я не скажу, што гэта нейкае вымушанае рашэнне. Гэта абсалютна натуральна, гэта саюзніцкі падыход”, — заявіў ён.

Паводле яго слоў, прынята рашэнне аб рэструктурызацыі і растэрміноўцы дзяржаўных крэдытаў, якія давала Расія, “аб пераводзе іх з валюты ў расійскі рубель”. “У прынцыпе, гэта будзе прымяняцца да ўсіх нашых пагадненняў”, — сказаў Галоўчанка.

“Больш за тое, мы прынялі рашэнне адвязацца ад долара ва ўсіх нашых энергетычных разліках. Гэта натуральнае абсалютна, напэўна, рашэнне з-за вядомых абставін. Няма ніякага сэнсу больш прывязвацца да нейкай трэцяй валюты. Мы даўно пра гэта гаварылі, і вось нарэшце — гэта не было б шчасце, ды няшчасце дапамагло, як кажуць. Тое, што тычыцца Расійскай Федэрацыі, будзем працаваць у расійскіх рублях”, — паведаміў Галоўчанка.

Акрамя таго, “ёсць разуменне таго, што неабходна палепшыць нашу пазіцыю па аплаце за энерганосьбіты, хаця і цяпер, як вы ведаеце, цэны ў нас дастаткова камфортныя, асабліва па газе, але вось дысбалансы, якія выкліканы такім хаатычным цэнаўтварэннем па нафце, вядома, змушаюць нас шукаць больш аптымальную коштавую формулу працы, і разуменне расійскіх калегаў ёсць у гэтым пытанні”. “Цяпер, сёння ноччу, заўтра будуць працаваць эксперты для таго, каб вывесці новую формулу для набыцця сырой нафты. І як толькі яна будзе выпрацавана, то адпаведна яе ўрады зацвердзяць. Мы зыходзім з таго, што гэты кошт павінен быць такі, каб забяспечыць рэнтабельную працу беларускай нафтаперапрацоўкі”, — заявіў прэм’ер-міністр.

Падзяліцца: