be
Arrow
Мінск 05:11

Створана дзяржкамісія па кантролі за ходам уступных экзаменаў

6 красавіка, BPN. Дзяржаўную камісію па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных экзаменаў у 2022 годзе ўзначаліў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка, яе склад напярэдадні зацвердзіў Аляксандр Лукашэнка.

Згодна з указам ад 5 красавіка № 135, у склад дзяржкамісіі ўключаны 38 чалавек, сярод якіх прадстаўнікі парламента, кіраўнікі органаў дзяржкіравання, работнікі кантралюючых органаў, прадстаўнікі праўладных грамадскіх аб’яднанняў — Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Намеснікамі старшыні прызначаны Віктар Лісаковіч (Рада Рэспублікі), Андрэй Лабовіч (Камітэт дзяржкантролю) і Ірына Рынейская (Палата прадстаўнікоў).

Галоўнымі задачамі дзяржкамісіі названы забеспячэнне абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян і прадастаўленне абітурыентам роўных магчымасцей пры паступленні ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, кантроль за падрыхтоўкай і правядзеннем цэнтралізаванага тэсціравання, іншых форм уступных іспытаў, прыняцце мер па ўстараненню парушэнняў заканадаўства, якое рэгулюе арганізацыю і правядзенне прыёму, прыём грамадзян па пытаннях падрыхтоўкі і правядзення ўступных экзаменаў.

Форма ўступных экзаменаў у вышэйшыя і сярэднія навучальныя ўстановы застаецца ранейшай.

“Цяперашнія абітурыенты будуць здаваць тэсты ў звыклых фарматах, але ўжо ў наступным навучальным годзе плануюцца змяненні, — раней заяўляў дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мінадукацыі Юрый Міксюк. — Размова ідзе аб сумяшчэнні выніковай атэстацыі (па адной з дзяржаўных моў па выбары і матэматыцы) з цэнтралізаваным тэсціраваннем. Атрыманыя вынікі абітурыент зможа пры жаданні выкарыстоўваць ва ўступнай кампаніі. Гэта дасць магчымасць зняць частку нагрузкі таго, хто паступае”.

Прадстаўнік РІКВ таксама адзначаў, што на ўсіх этапах падрыхтоўкі і правядзення ЦТ “дзейнічае сур’ёзная сістэма інфармацыйнай бяспекі”.

Паводле яго слоў, цяперашні рэжым работы, калі да ўскрыцця пакета з тэстамі іх змест ведаюць некалькі чалавек у краіне, якія працуюць у асаблівых умовах, “прадугледжвае мінімальныя рызыкі”.

Падзяліцца: