Мінск 16:16

“Кошт урада”: Дзяржава паступова адпускае цэны, дазваляючы спачатку зарабіць на гэтым дзяржсектару

15 жніўня, Позірк. Афіцыйная інфляцыя ў Беларусі ў гадавым выражэнні “знаходзіцца на рэкордна нізкім узроўні”, гаворыцца ў аналізе праекта “Кошт урада”.

Паводле даных Белстата, у ліпені 2023 года спажывецкія цэны выраслі на 0,28%, за студзень — ліпень — на 3,26%, за апошнія 12 месяцаў (ліпень да ліпеня) — на 2,7%.

Аналітыкі праекта адзначылі, што “пры нармальных эканамічных умовах гэта можна было б толькі вітаць”, але ў цяперашняй сітуацыі “падстаў для радасці не так многа”.

“Па-першае, сельская гаспадарка ў гэтым годзе не такая паспяховая, як годам раней. Па-другое, пачынаюць расці цэны ў Расіі, дзе становіцца больш выгадна рэалізоўваць беларускую прадукцыю. Па-трэцяе, эфект дзяржаўнага рэгулявання цэн не можа цягнуцца вечна”, — гаворыцца ў дакуменце.

Зніжэнне цэн у сегменце нехарчовых тавараў, лічыць “Кошт урада”, часткова тлумачыцца тым, што адпаведная прадукцыя “асабліва рэзка” падаражэла яшчэ ў 2022 годзе, з тых часоў “цэнам расці ўжо няма куды”.

“Аднак можа адыгрываць сваю ролю скарачэнне экспарту праз санкцыі і павелічэнне неабходнасці рэалізацыі тавараў на ўнутраным рынку”, — мяркуюць эксперты.

Паколькі “інфляцыю паслуг фармуюць галоўным чынам рэгуляваныя сферы” (камунальныя паслугі, транспарт ды інш.), аналітыкі прыйшлі да высновы, што “дзяржава паступова адпускае цэны, дазваляючы спачатку зарабіць на гэтым дзяржсектару”.

Найважнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2023 год прадугледжваюць інфляцыю на ўзроўні 7–8%. Урад разлічвае ўтрымаць рост цэн і тарыфаў у межах 6%.

10 сакавіка 2023-га Аляксандр Лукашэнка загадаў ураду любымі спосабамі — “манетарнымі, рэгулятарнымі, адміністрацыйнымі” — “трымаць калідор” інфляцыі па выніках года “ў раёне 7%”.

Гл. таксама:

Даходы беларусаў выраслі, але гэта пагражае ростам цэн і далейшым падзеннем курсу рубля (на рускай мове)

ЕАБР: Цэнавы ціск праз унутраны попыт і дэфіцыт на рынку працы паскорыць інфляцыю ў Беларусі

Эксперт BEROC прагназуе ў кастрычніку рэзкае паскарэнне гадавой інфляцыі

Падзяліцца: