Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру 2022 года (дапоўнена)
7 кастрычніка, BPN. Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру 2022 года.
Гэтую ўзнагароду беларускі праваабаронца падзяліў з расійскай арганізацыяй “Мемарыял” і ўкраінскім Цэнтрам грамадзянскіх свабод.
“Лаўрэаты прэміі міру прадстаўляюць грамадзянскую супольнасць у сваіх краінах, — гаворыцца ў паведамленні Нобелеўскага камітэта. — Яны на працягу многіх гадоў прасоўвалі права крытыкаваць уладу і абараняць асноўныя правы грамадзян. Яны прыклалі выдатныя намаганні для дакументавання ваенных злачынстваў, парушэнняў правоў чалавека і злоўжыванняў ўладай. Разам яны дэманструюць значэнне грамадзянскай супольнасці для міру і дэмакратыі”.
Бяляцкі — палітычны зняволены. У ліпені 2021 года яго затрымалі разам з намеснікам старшыні ПЦ “Вясна” Валянцінам Стэфановічам і каардынатарам кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімірам Лабковічам па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК).
Сёлета ў верасні справа паводле гэтага артыкула была спыненая, але праваабаронцам выставілі абвінавачанне паводле арт. 228 (кантрабанда) і ч. 2 арт. 342 (навучанне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства) Крымінальнага кодэкса.
Алесь Бяляцкі нарадзіўся 25 верасня 1962 года на тэрыторыі Карэліі, пазней сям’я яго бацькоў вярнулася ў Беларусь.
Сумяшчае праваабарончую дзейнасць з літаратуразнаўчай і пісьменніцкай.
У 1984 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “філолаг, выкладчык беларускай і рускай моў і літаратуры”. Працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці, быў прызваны ў армію і праходзіў тэрміновую службу ў Свярдлоўскай вобласці РСФСР.
Адзін з заснавальнікаў нефармальнай арганізацыі маладых літаратараў “Тутэйшыя”. За арганізацыю і ўдзел у першай масавай акцыі “Дзяды” ў Мінску ў 1988 годзе прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці. У тым жа годзе ўдзельнічаў у стварэнні праваабарончага таварыства “Мартыралог Беларусі”, быў членам аргкамітэта грамадскай арганізацыі Беларускі народны фронт (БНФ) “Адраджэнне”, пазней — сакратаром яе праўлення і намеснікам старшыні.
У 1989 годзе скончыў аспірантуру Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР. Быў малодшым навуковым супрацоўнікам Музея гісторыі беларускай літаратуры, потым дырэктарам толькі што створанага Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Мінгарсавета.
У 1996 годзе выступіў і з ініцыятывай аб стварэнні арганізацыі “Вясна-96” (цяпер праваабарончы цэнтр “Вясна”), узначальвае яе дагэтуль. За грамадскую і праваабарончую дзейнасць прыцягваўся да судовай адказнасці больш за 20 разоў.
Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) з 2007 па 2016 год.
4 жніўня 2011 года Бяляцкі быў затрыманы, а потым арыштаваны, абвінавачаны ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. 23 лістапада 2011 года прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Быў вызвалены 21 чэрвеня 2014 года пасля выплаты кампенсацыі шкоды, выстаўленай ўладамі. Быў прызнаны палітвязнем.
- АнонсыАнонсы падзей на 28 ліпеня — 21 верасня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- ПалітыкаУ першай палове 2025 года Грузія адмовіла ў прытулку 16 беларусам, у тым ліку тром непаўналетнім (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства