Мінск 16:07

“Вясна” запатрабавала спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы, экс-палітвязня Судаленкі

Крыніца: старонка Судаленкі ў "Фэйсбуку"

8 лістапада, Позірк. Чарговы акт крымінальнага пераследу праваабаронцы Леаніда Судаленкі звязаны з “публічным асуджэннем” ім “рэпрэсіўнай палітыкі беларускіх уладаў у дачыненні да палітычных апанентаў і іншадумцаў”, “выступамі ў падтрымку палітвязняў, жорсткай крытыкай парушэнняў прынцыпу вяршэнства права” і агулам з дзейнасцю “па абароне і прасоўванні правоў чалавека”, гаворыцца ў заяве праваабарончага цэнтра “Вясна”.

У дакуменце адзначана, што Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах надзяляе кожнага чалавека правамі бесперашкодна прытрымлівацца сваіх меркаванняў і свабодна іх выказваць.

У той жа час Дэкларацыя аб праве і абавязках індывідуальных асоб, груп і органаў грамадства заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды кажа, што кожны чалавек мае права “заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях”, у тым ліку “свабодна публікаваць, перадаваць або распаўсюджваць сярод іншых меркаванні, інфармацыю і веды аб усіх правах чалавека і асноўных свабодах”. Ён таксама мае права “вывучаць, абмяркоўваць, складаць і мець меркаванні адносна датрымання ўсіх правоў чалавека і асноўных свабод як у заканадаўстве, так і на практыцы, і прыцягваць увагу грамадскасці да гэтых пытанняў, выкарыстоўваючы адпаведныя сродкі”.

“Адвольныя дзеянні беларускіх уладаў, якія абмяжоўваюць гэтыя правы, нікчэмныя, з’яўляюцца палітычна матываваным пераследам і павінны быць рашуча асуджаныя, — гаворыцца ў заяве. — Мы нагадваем пра недапушчальнасць выкарыстання антыэкстрэмісцкага заканадаўства для пераследу актывістаў і праваабаронцаў за іх правамерную дзейнасць, а таксама пра непрымальнасць выкарыстання ў законе надзвычай шырокіх азначэнняў, якія дазваляюць інструменталізаваць закон у якасці сродку палітычных рэпрэсій”.

“Мы рашуча адхіляем дапушчальнасць крыміналізацыі дзейнасці прадэмакратычных грамадскіх ініцыятыў, праваабарончых арганізацый і сродкаў масавай інфармацыі адвольным прызнаннем іх “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”, а таксама крыміналізацыі сувязяў з гэтымі суб’ектамі”, — падкрэслівае “Вясна”.

Праваабаронцы запатрабавалі спыніць крымінальны пераслед Судаленкі, іншых грамадзян “за рэалізацыю свабоды выказвання меркаванняў і дзейнасць у абарону правоў і свабод”, “прывесці антыэкстрэмісцкае заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі ў галіне правоў чалавека”.

2 лістапада гомельскі праваабаронца і былы палітвязень Судаленка паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку”, што ў адносінах да яго распачата крымінальная справа за “іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці” (арт. 3614КК). Знаходзіцца па-за межамі Беларусі. Мужчына з’ехаў з краіны неўзабаве пасля вызвалення — ён правёў 2,5 года ў няволі паводле палітычна матываванага выраку.

Падзяліцца: