Мінск 06:30

Еўрапейскі суд адмовіўся зняць санкцыі з праўладных бізнесменаў Вараб’я і Зайцава

Аляксандр Зайцаў Фота: pressball.by

9 лістапада, Позірк. Еўрапейскі суд у Люксембургу 8 лістапада адмовіўся зняць санкцыі з праўладных беларускіх бізнесменаў Мікалая Вараб’я і Аляксандра Зайцава, а таксама кампаніі “Брэміна-Груп”, якая ім належыць.

У рашэнні суда адзначаецца, што Мікалай Варабей — “адзін з вядучых бізнесменаў, якія працуюць у Беларусі, з бізнес-інтарэсамі ў нафтавай, транзітнай, вугальнай, банкаўскай і іншых галінах”, з’яўляецца саўладальнікам “Брэміна-Груп” — “кампаніі, якая карысталася падатковымі льготамі і іншымі формамі падтрымкі з боку беларускіх уладаў”.

Такім чынам, на думку суда, Варабей “атрымлівае выгаду і падтрымлівае [рэжым Лукашэнкі]”.

Асобна быў разгледжаны пазоў бізнесмена Аляксандра Зайцава. Суд адзначыў, што Зайцаў — былы памочнік Віктара Лукашэнкі, сына Аляксандра Лукашэнкі, дзякуючы доступу да сям’і Лукашэнкі “атрымлівае выгадныя кантракты для сваіх эканамічных прадпрыемстваў”.

У рашэнні суда падкрэсліваецца, што “Брэміна-Груп” “з’яўляецца ініцыятарам і са-менеджарам праекта асаблівай эканамічнай зоны “Брэміна-Орша”, якая створана ўказам Лукашэнкі. Кампанія “атрымала дзяржпадтрымку, а таксама шэраг фінансавых, падатковых і іншых ільгот”, гаворыцца ў рашэнні суда.

“Уладальнікі “Брэміна-Оршы” Аляксандр Зайцаў, Мікалай Варабей і Аляксей Алексін належаць да блізкага кола бізнесменаў, звязаных з Лукашэнкам, і падтрымліваюць цесныя сувязі з ім і яго сям’ёй”, — адзначаецца ў справе Зайцава.

Суд зрабіў выснову, што бізнесмен і “Брэміна-Груп” здабываюць выгаду з супрацоўніцтва з рэжымам Лукашэнкі. У сувязі з гэтым Вараб’ю і Зайцаву адмоўлена ў задавальненні пазоваў. Іх абавязалі выплаціць судовыя выдаткі.

Гл. таксама:

Еўрапейскі суд адмовіўся здымаць санкцыі з МАЗа і БелАЗа

Еўрапейскі суд адмовіўся здымаць санкцыі з кампаніі Dana Astra

Еўрапейскі суд адмовіўся здымаць санкцыі з беларускага бізнесмена Аляксандра Шакуціна

Падзяліцца: