Мінск 11:54

Лукашэнка ў тры з паловай разы павялічыў спецпрэмію спартсменам — амаль да 13 тыс. рублёў

Ілюстрацыйнае фота: БелТА

10 лістапада, Позірк. Аляксандр Лукашэнка 10 лістапада падпісаў указы № 350 і № 351, якімі змяняецца парадак матэрыяльнага заахвочвання дзеячаў культуры і спорту.

У адпаведнасці з дакументамі, “удасканальваецца дзейнасць фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы культуры і мастацтва і рэгулююцца падыходы да заахвочванняў спецыяльнымі прэміямі дзеячам культуры і мастацтва, прэміямі “За духоўнае адраджэнне” і “Беларускі спартыўны Алімп”, адзначае прэс-служба Лукашэнкі (арфаграфія захаваная).

Паведамляецца, што цяпер фонд будзе таксама аказваць падтрымку “праектам па патрыятычным выхаванні насельніцтва, захаванню нацыянальных духоўных традыцый, вяртанню культурных каштоўнасцяў, а таксама сацыяльным праектам і ініцыятывам для асобных катэгорый грамадзян (дзеці-сіроты, інваліды, састарэлыя і іншыя)”.

Прадугледжваецца “прапарцыйнае фінансаванне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях са сродкаў мясцовых бюджэтаў, спонсарскай дапамогі, іншых крыніц і сродкаў фонду, сфармаваных з адлічэнняў ад прадпрымальніцкай дзейнасці і кампенсацыі за шкоду, прычыненую гісторыка-культурнай каштоўнасці”.

У пералік падстаў для прызначэння прэміі “За духоўнае адраджэнне” ўключана “дзейнасць па патрыятычным выхаванні моладзі і рэалізацыі дабрачынных праектаў”. Акрамя гэтага, пашыраныя “віды мастацтваў”, у якіх магчыма прысуджэнне спецпрэмій.

Памер прэміі “Беларускі спартыўны Алімп” “значна павялічаны” да 350 базавых велічынь (12.950 рублёў) — па аналогіі з памерамі прэміі “За духоўнае адраджэнне” і спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі.

Згодна з падпісанымі ўказамі, цяпер гэтую прэмію змогуць таксама атрымліваць “калектывы работнікаў арганізацый, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту”.

“Таксама ўстаноўлены ўніфікаваны парадак пазбаўлення спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва, прэмій “За духоўнае адраджэнне” і “Беларускі спартыўны Алімп” і аднаўлення ў правах іх лаўрэатаў”, — рэзюмуецца ў прэс-рэлізе.

Спецыяльная прэмія “Беларускі спартыўны Алімп” прызначаецца штогод за “значны ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту” Беларусі. Папярэдні раз яе ўручалі ў студзені гэтага года, сума склала 100 базавых велічынь.

Падзяліцца: